У СІЗА КДБ з Канавалава і Кавалёва "здымалі пылінкі"
Падрабязнасці справы асуджаных да расстрэлу за тэрарызм Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва агучылі першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед, намеснік генпракурора Аляксей
Стук, часова выконваючы абавязкі па пасадзе міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі, першы намеснік старшыні КДБ Віктар Вягера і эксперты ГЭКЦ МУС.
Вельмі каштоўныя спецыялісты, вы іх ніколі не ўбачыце
Падрабязнасці справы асуджаных да расстрэлу за тэрарызм Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва агучылі першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед, намеснік генпракурора Аляксей
Стук, часова выконваючы абавязкі па пасадзе міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі, першы намеснік старшыні КДБ Віктар Вягера і эксперты ГЭКЦ МУС.
Вельмі каштоўныя спецыялісты, вы іх ніколі не ўбачыце
«Раскрыццё гэтага злачыства – вынік 2-х кампанентаў: стварэнне сістэмы супрацьдзеяння тэрарызму, якая ўдасканальвалася пасля 2008 года, і накоплены за гэты перыяд канкрэтны досвед у
галіне ўзрыватэхнікі, – сказаў падчас прэс-канферэнцыі першы намеснік старшыні Камітэта дзяржбяспекі Віктар Вягера. – Мы за гэты час падрыхтавалі некалькі дзесяткаў спецыялістаў. А
ў 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні сістэмы рэагавання на акты тэрарызму, і вось мы ўпершыню яе прымянілі ў красавіку 2011 года».
Па словах намесніка старшыні КДБ, «у першыя хвіліны пасля здарэння паступалі сотні званкоў, яны былі ложныя, надуманыя, але ўся інфармацыя правяралася». Часова выконваючы абавязкі
па пасадзе міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі адзначыў, што разглядалася пытанне аб звароце за дапамогай у раскрыцці тэракту да СМІ і грамадскасці. Было раздрукавана 10 000 фатаграфій
падазраванага, рыхтаваўся відэаролік. «Ужо былі блакаваныя ўсе чыгуначныя вакзалы і аўтавакзалы, планавалі падключыць службы таксі», – расказаў Пякарскі.
Адзін з метадаў пошуку злачынцаў грунтаваўся на аналізе сістэм відэаназірання метрапалітэна. «Усе падазроныя асобы адсочваліся намі круглыя суткі і шматразова, – расказаў Вягера.
Канавалаў прыцягнуў увагу сваёй сумкай. – Ён зайшоў з сумкаю, а выйшаў без. Што дазволіла нам меркаваць, што гэта, магчыма, адзін з... магчымы падазраваны».
Пасля прагляду відэа з камер назірання станцыі «Фрунзенская» метрапалітэну быў акрэслены квартал вуліц «Караля – Сухая – Раманаўская Слабада –
Няміга». Там сканцэнтравалі супрацоўнікаў, якія мелі арыентыроўкі. Пякарскі адзначыў, што тыя людзі, якія па фатаграфіі здольныя ў натоўпе выявіць чалавека па дробных адметнасцях,
«вельмі каштоўныя спецыялісты, вы іх ніколі не ўбачыце».
Намеснік генпракурора Аляксей Стук патлумачыў, што Канавалаў заходзіў у метро з уваходу, дзе няма прыпынку грамадскага транспарту, няма стаянкі для машын. І таму была зробленая выснова, што Канавалаў
жыве недзе недалёка, бо з такім грузам немагчыма далёка перамяшчацца.
Па словах Алега Пякарскага, Дзмітрый Канавалаў адмыслова прыехаў у Мінск ладзіць выбух, бо ведаў, што яго ўжо шукаюць. «Чалавек рыхтаваўся дастаткова доўга і ведаў, што яго шукаюць.
Напярэдадні ў суботу яго дактыласкапіравалі дома і ён ведаў, што, у прынцыпе, яго час злічаны. У гэты ж дзень ён сеў у цягнік, гэта зафіксавалі камеры. Таксама зафіксавалі камеры прыбыццё яго ў
Мінск, сустрэчу з яго сябрам, які знаходзіўся ў сталіцы. І, адпаведна, ён ведаў, што да яго прыйдуць, ён рыхтаваўся да гэтага», – адзначыў Пякарскі.
Затрымлівалі з сілаю
«Безумоўна, фізічная сіла была ўжытая, – паведаміў часова выконваючы абавязкі па пасадзе міністра ўнутраных спраў Беларусі Алег Пякарскі. – Была пагроза паўтарэння
выбуху». Пякарскі падкрэсліў, што ў падобных сітуацыях праваахоўныя органы будуць дзейнічаць аналагічна. «Як «Алмаз» заходзіў, ён так і будзе заходзіць у такіх
выпадках», – сказаў ён.
Пякарскі заявіў, што Канавалава і Кавалёва змаглі затрымаць толькі таму, што першы выйшаў за «дабаўкай» у краму. «Мы б не змаглі вылічыць адрас, калі б чалавек не выходзіў,
– патлумачыў міліцэйскі чыноўнік. – Усё было вельмі проста: пасля здзяйснення злачынства тры чалавекі проста распівалі гарэлку, і ім не хапіла. Было прынята рашэнне Канавалавым
выйсці і купіць яе, ён яе і купіў, і прыйшоў у кватэру».
Падчас суда сведка Яна Пачыцкая, якая была з імі на кватэры ўвесь гэты час, заявіла, што ніхто 12-га з кватэры не выходзіў. Пякарскі ж параіў лепш азнаёміцца з матэрыяламі справы, маўляў, яна давала
адваротныя паказанні.
Са слоў чыноўніка, Канавалаў быў такі п’яны, што да 5-ці раніцы 13 красавіка не мог нармальна размаўляць, і толькі «ў пяць раніцы пачаў гаварыць, што датычны да
выбуху».
Першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед таксама расказаў, што пасля затрымання Дзмітрыя Канавалава следства праверыла каля 2,6 тыс. чалавек, якія калі-небудзь размаўлялі па мабільным
тэлефоне з Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым. Тэлефонныя кантакты Канавалава – гэта прыкладна з 1,6 тыс. чалавек, Кавалёва – прыкладна з 1 тыс. чалавек. «Кожны
з гэтых асобаў, які калі-небудзь меў злучэнне, кантакт, вы ўяўляеце аб'ём працы – больш за 2 тыс. чалавек, быў адпрацаваны органамі ўнутраных спраў, супрацоўнікамі КДБ», –
прадэманстраваў аб’ёмы працы Андрэй Швед.
Адмянялі допыт, бо аб’еўся
Першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед абверг інфармацыю аб аказанні якога-небудзь ціску на абвінавачаных па справе аб тэракце ў мінскім метро ў часе следства.
«Факты прымянення гвалту да Канавалаву не пацвердзіліся», – заявіў Швед. Што тычыцца псіхалагічнага ўздзеяння, якое, як заявіў у судзе Уладзіслаў Кавалёў, да яго
прымянялася, то, па словах намесніка генпракурора Аляксея Стука, «уся яго заява заключалася ў тым, што ён чуў нейкія крыкі Канавалава».
Па словах часова выконваючага абавязкі па пасадзе міністра ўнутраных спраў Алега Пякарскага, Канавалаў і Кавалёў «утрымліваліся ў такіх умовах, што з іх парушынкі здзімалі».
«Ежа дастаўлялася ім у апячатаных тэрмасах. Уся вопратка, якая ім дастаўлялася, праходзіла сцірку, тэрмічную апрацоўку. Усе допыты праходзілі з удзелам адвакатаў». Былі моманты,
калі пераносілі допыт, бо яны прыходзілі і гаварылі «я пераеў», – распавёў пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ Пякарскі. Дарэчы, у камерах цяпер ужо асуджаныя Канавалаў і
Кавалёў знаходзіліся з іншымі асобамі.
Андрэй Швед дадаў: «Ні разу ніхто не заяўляў, і адвакаты таксама, што да падабаронных прымяняюцца недазволеныя метады следства. Заявы пра ціск не маюць пад сабой ніякіх
падстаў».
Намеснік генпракурора Аляксей Стук пракаментаваў версіі, што Канавалаў у судзе такі абыякавы, бо яго колюць нейкімі прэпаратамі. «У мяне не склалася ўражання, што ён быў затарможаны. Тое,
што ён быў абыякавым ці спакойным, можна патлумачыць так: ён проста дасягнуў сваёй мэты, і проста чакаў развіцця падзей», – сказаў Стук.
Тэрміны нявызначаныя
Колькі асуджаныя на смерць жывуць да выканання пакарання ў заканадаўстве не прапісана. Намеснік генпракурора Аляксей Стук нагадаў, што па заканадаўству Канавалаў і Кавалёў маюць права падаць
хадайніцтва аб памілаванні.
«Якім чынам канкрэтна будуць развівацца падзеі і ў якія тэрміны, невядома. Сказаць што-небудзь больш дакладна можна будзе пасля таго, як асуджаныя прымуць рашэнне падаваць ці не падаваць
хадайніцтва», – сказаў ён.
Сёння ж Аляксандр Лукашэнка публічна выказваўся, што ў бліжэйшы час будзе прымаць рашэнне аб магчымасці памілаваць асуджаных за тэракт у мінскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава
Кавалёва.
«У бліжэйшы час мне прыйдзецца прымаць гэтае рашэнне. Але я ўжо пра гэта думаў пасля вынясення прысуду, і я чамусьці не сумняваўся, што суд прыйдзе да такога меркавання», –
заявіў кіраўнік дзяржавы.
Па яго словах, тое, што адбылося, гэта, па-першае, анамальна для Беларусі, па-другое, недапушчальна, па-трэцяе, загінулі людзі. «Па-чацвёртае, вось так нахабна, вы бачылі, як ён сябе
паводзіў на допытах, ён стараўся забіць большую колькасць людзей», – выказаў сваё меркаванне Лукашэнка.
З іншага боку, працягнуў ён, ёсць бацькі асуджаных, частка грамадства, якая ўстала на абарону: «І вось пачынаеш усё гэта ўзважваць. Я прыму рашэнне ў бліжэйшы час і абавязкова вас
паінфармую. Хоць гэта цяжкае для мяне рашэнне па гэтым двум, не ведаю, людзьмі мне іх назваць ці як. Але вамі не забыта тое, што было, а мною тым больш. Гэта быў вельмі моцны ўдар па нашаму
грамадству. І тое, што суд прыняў такое рашэнне, мне яго няма ў чым папракнуць. Цяпер слова за прэзідэнтам».
Матыў – самарэалізавацца
Дэстабілізацыя грамадскай абстаноўкі – гэта мэта, якую пераследавалі злачынцы, – заявіў Андрэй Швед, адказваючы на пытанне, што ж за мэта, матыў былі ў слесара і токара з Віцебску,
апроч гучна сфармуляванай «дэстабілізацыі абстаноўкі». – Як вы самі разумееце, мэта і матыў – узаемазвязаныя. Кажучы простай мовай, матыў, мне здаецца, тут
абсалютна зразумелы і відавочны: чалавек супрацьпаставіў сябе грамадству. Ён такім чынам, зыходзячы з паказанняў таго ж Кавалёва, спрабаваў самарэалізавацца на пачатковым этапе. Затым гэтая
захопленасць, як спосаб самарэалізацыі ў падлеткавым узросце (мы даследавалі развіццё Канавалава, пачынаючы з дзіцячага саду, там ёсць свае асаблівасці), прывяла да таго, што вынікі яго дзеянняў,
пакуты людзей, разбурэнні дастаўлялі яму маральнае задавальненне. Канавалаў гэтага не адмаўляў. Таму якія могуць быць выразныя матывы ў гвалтаўніка або забойцы, які забівае і мучыць пры гэтым
ахвяру... Тут можна шмат разважаць, але мне здаецца, што ў дадзенай канкрэтнай сітуацыі адбылася сур'ёзная дэфармацыя асобы Канавалава. Ад першых ранніх спробаў такім ненармальным спосабам
самарэалізавацца і паказаць сябе ён перайшоў мяжу і стаў тым монстрам, якому такія дзеянні дастаўлялі задавальненне. Іншага матыву я тут не бачу».
Таксама Андрэй Швед на сто адсоткаў упэўнены, што Канавалаў і Кавалёў – адзіночкі. «Ніхто за імі не стаіць. Не трэба шукаць тут сенсацыі. Яе тут няма. У нас ёсць бясспрэчныя доказы
таго, якім чынам Кавалёў і Канавалаў фармаваліся як злачынцы, пачынаючы ад дзіцячых забаў з петардамі і заканчваючы склепам, дзе Канавалаў доўгі час рыхтаваў кампаненты. Палігонам, дзе ён выпрабоўваў
сабраныя ім выбуховыя прылады і г.д. Грунтуючыся на ўсіх доказах ў мяне і ў следчай групы няма ніякіх сумневаў з нагоды таго, што Кавалёў і Канавалаў – гэта адзіночкі, якія такім чынам
спрабавалі рэалізаваць сябе ў жыцці», – сказаў першы намеснік старшыні Следчага камітэта.
100% упэўненасці
«Я абсалютна падтрымліваю высновы следства і згодны на 100 працэнтаў, што гэтае пытанне даследавана намі дасканала: Канавалаў і Кавалёў – адзіночкі», – падкрэсліў
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржбяспекі Віктар Вягера.
«У мяне ў гэтым стоадсоткавая ўпэўненасць, заснаваная на выніках працы следчай групы, аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, адпрацоўкі ўсіх магчымых кантактаў Канавалава і Кавалёва пачынаючы
з дзіцячага саду, – падтрымаў калегу першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед. – Ніхто за імі не стаіць, не трэба шукаць тут сенсацыю, яе проста няма».
«У матэрыялах крымінальнай справы, на мой погляд, сабраныя бясспрэчныя доказы таго, якім чынам Кавалёў і Канавалаў фармаваліся як злачынцы – пачынаючы ад дзіцячых забаў з петардамі
і завяршаючы падвалам, дзе Канавалаў рыхтаваў кампаненты, палігонам, дзе выпрабоўваў сабраныя выбуховыя прылады, – патлумачыў Швед. – Па сукупнасці ўсіх доказаў у мяне і ў членаў
следчай групы няма сумненняў наконт таго, што Кавалёў і Канавалаў – гэта адзіночкі. Яны такім чынам спрабавалі рэалізаваць сябе ў жыцці».
Чаму на Канавалаве не было слядоў выбуховых рэчываў?
На гэтае пытанне адказваў першы намеснік начальніка ГЭКЦ МУС Сяргей Яўмененка.
«Па ўсіх канонах адлегласць, каб можна было знайсці мікрасляды пасля выбуху, роўная прыкладна 2,5 метра. Вы самі бачылі па відэазапісы, на якой адлегласці знаходзіўся Канавалаў, –
тлумачыў журналістам эксперт. – Ён стаяў як бы за вуглом пераходу. Што тычыцца заўвагі аб тым, што не былі выяўленыя сляды выбуховых рэчываў ні на вопратцы, ні на руках, ні пад пазногцямі,
ні на змывах з твару, носа, вушэй, то справа ў тым, што ў канкрэтным выпадку тыя выбуховыя рэчывы, што прымяняліся, – лёгка растваральныя ў вадзе. Прайшло даволі многа часу доўгі час ад
моманту вырабу выбуховага рэчыва да моманту затрымання Канавалава, і нават звычайнай гігіены любога чалавека было дастаткова для таго, каб гэтыя хімічныя рэчывы зніклі».
Да слова, людзі, якія ў той час былі ў метро, гавораць, што ўсе былі ў копаці, сажы і тынкоўцы. А ўдарная хваля заспявала людзей нават у тунэлі-пераходзе паміж станцыямі.
Чаму на відэазапісе ў метро белая эмблема на сумцы то з'яўляецца, то знікае?
Галоўны эксперт Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра (ГЭКЦ) МУС Іван Фетняев прадэманстраваў журналістам эпізод, калі Канавалаў выходзіць з вагона цягніка, каб перайсці на іншую лінію
метро.
«Эмблема на сумцы была з аднаго боку. Калі выходзіць з вагона мужчына, трымае сумку, і эмблема звернутая да нагі. Эмблема – у процілеглы бок ад камеры. Далей ён перакладае сумку з
правай рукі ў левую, а эмблема закрываецца нагамі, – па яго словах, пабачыць вялікую белую эмблему на сумцы не атрымліваецца з-за нізкай якасці відэа. – А што вы хочаце пры такой
якасці?»
Суд пастанавіў многія рэчавыя доказы па тэрактах у Мінску і Віцебску знішчыць. Аляксей Стук зазначыў, што гэта нармальна, бо ёсць «палажэнні ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве, якія
абавязваюць суд пры вынясенні рашэння вызначыць лёс рэчыўных доказаў. Пакідаюць тыя рэчавыя доказы, якія могуць несці нейкія сляды злачынства і гаспадар якіх не ўстаноўлены, або яны могуць
спатрэбіцца яшчэ ў далейшым. Знішчаны рэчы, якія не нясуць слядоў злачынства. Таму, калі вы думаеце, што могуць быць знішчаныя тыя сляды, якія могуць у далейшым якім-небудзь чынам выкарыстоўвацца, то
гэта не так», – запэўніў намеснік генпракурора Аляксей Стук.