У пракуратуру і міліцыю пададзеныя скаргі на забарону сцягоў Украіны на канцэрце ОЕ (фота, відэа)
Каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціняская дэмакратыя» ў Мінску Вольга Кавалькова, лідары Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марына Хоміч, Ксенія Лапская і Вікторыя Радзіеўская падалі скаргу ў РАУС і пракуратуру Цэнтральнага раёну Менска, «Менск-Арэну» і амбасаду Украіны ў Беларусі ў сувязі з канфіскацыяй украінскіх сцягоў на канцэрце гурта «Океан Ельзи».
У скарзе адзначаецца, што ні на квітках на канцэрт, ні на сайце "Менск-Арэны”, ні па тэлефоне спорткомплексу нічога не казалася пра забарону праносіць украінскія сцягі. Аднак пры наведванні канцэрту 21 лістапада невядомыя ў цывільным без якіхсьці дакументаў адмовіліся прапускаць пазоўніц са сцягамі Украіны, прычынаў гэтага яны не патлумачылі, прадставіцца адмовіліся.
"Пасля забароны прайсці на канцэрт са сцягамі Украіны, адзін з супрацоўнікаў сказаў, што будзе тэлефанаваць удакладняць ў Цэнтральны РУУС г.Мінска хто мы і яшчэ нейкую інфармацыю. Пасля чаго да нас падышоў яшчэ адзін супрацоўнік, які прадставіўся, як Мікалай, і папрасіў нас выйсці з будынка Мінск-арэны для размовы, ад чаго мы адмовіліся. Таксама нам сказалі, што калі мы не здадзім сцягі ў камеры захоўвання, а будзем настойваць на законным наведванні канцэрта са сцягамі, то нас даставяць ў Цэнтральны РУУС для разбіральніцтва”, — гаворыцца ў скарзе.
Дзеянні людзей у цывільным, якія не прадставіліся і адмовіліся патлумачыць прычыны абмежванняў, пазоўнікі лічаць прашуэннем сваіх правоў і законных інтарэсаў. У сувязі з гэтым яны просяць патлумачыць, на падставе чаго быў забаронены пранос сцягоў Украіны на канцэрт, а таксама правесці праверку па фактах здзяйснення людзьмі ў цывільным незаконных дзеянняў.