У офісе БАЖ узгадалі Дзмітрыя Завадскага
7 ліпеня ў сталічным офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адбылася сустрэча журналістаў з роднымі зніклага ў 2000 годзе аператара тэлеканала “ОРТ” Дзмітрыя Завадскага.
— Справы Дзмітрыя Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Алега Бябеніна ніколі не будуць забытыя журналісцкай супольнасцю, — зазначыла на пачатку сустрэчы старшыня ГА “БАЖ”Жанна Літвіна.
– З года ў год ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” уздымае непрыемныя для ўладаў пытанні наконт лёсаў нашых загінулых калег. Гібель журналістаў у гарачых кропках часам можна зразумець – там ідзе вайна, там ідзе страляніна... Але калі журналісты гінуць у мірнай краіне – гэта дзіўна і жахліва.
Справа аб выкраданні нашага калегі Дзмітрыя Завадскага выглядае вельмі падазронай, бо разглядалася яна за зачыненымі дзвярамі. Грамадства цікавяць акалічнасці справы, цікавяць імёны сапраўдных злачынцаў.
Муж Святланы Завадскай Сяржук Бахун і іх дачушка Адэля
Дзмітрый Завадскі не баяўся брацца за цяжкія тэмы, ехаць у небяспечныя месцы. Але расправіліся з ім у “мірнай” краіне і ў мірны час, па дарозе ў аэрапорт. І ўлады гэтай краіны так і не далі ўцямнага адказу на пытанне, што адбылося.
Таццяна Мельнічук гутарыць з Вольгай Рыгораўнай Завадскай
– Апошнія чатырнаццаць год былі самымі цяжкімі гадамі майго жыцця, – працягваеСвятлана Завадская. – Страшна падумаць, што мінула ўжо столькі часу, а мы дагэтуль не ведаем, што адбылося. Улады, на жаль, не зрабілі нічога, каб пакараць сапраўдных вінаватых. Каб праяснілася сітуацыя, на маю думку, у першую чаргу павінны быць дапытаныя Віктар Шэйман, Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў. Наколькі мне вядома, ключавых людзей у гэтай справе ўлады так і не апыталі. У нас назбіраліся цэлыя тэчкі перапіскі са следчымі органамі, пра справу Завадскага ўвесь час нагадвалі міжнародныя структуры, але следчыя органы не зрабілі ніводнага кроку насустрач.
Удзел у сустрэчы з роднымі Дзмітрыя Завадскага ўзялі Таццяна Мельнічук, Генадзь Кеснер, Аліна Суравец і іншыя журналісты.