У Налібоцкай пушчы знайшлі самагонны міні-завод

Буйную самагонную вытворчасць выявілі супрацоўнікі міліцыі на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» у Стаўбцоўскім раёне.



samogon_recept.jpg

Самагоншчыкаў змаглі выявіць дзякуючы званку на тэлефон спецыяльнай лініі па супрацьдзеянні п'янству. «Тэлефанавала жанчына распавяла пра тое, што яе муж атрымаў зарплату і ўжо некалькі дзён не ходзіць на працу, аддае грошы самагонным дзялкам, ад чаго пакутуе ўся сям'я, у тым ліку і двое дзяцей-школьнікаў», — паведамілі ў міліцыі.
Для праверкі інфармацыі, якая паступіла ад мясцовай жыхаркі, на месца была аператыўна накіравана рэйдавая група супрацоўнікаў міліцыі грамадскай бяспекі і АМАП. У выніку ў 6 км ад аграгарадка «Налібокі» праваахоўнікі з доказамі злачынства затрымалі дваіх маладых мужчын, якія на самагонным апараце гналі спіртное.
«Правапарушальнікі размясцілі вялікую вытворчасць на беразе рачулкі на тэрыторыі заказніка “Налібоцкі”. Адходы вытворчасці, якіх назапасілася некалькі тысяч літраў, вылівалі на зямлю наўпрост у лясным масіве», — распавялі ва Упраўленні ўнутраных спраў. Таксама на месцы былі выяўленыя каля 2 тон самагоннай брагі і 80 л самагонкі. Там жа быў трактар з прычэпам, на якім дзялкі свабодна перамяшчаліся па заказніку.
Для дэмантажу і знішчэння апарата, вага якога склаў некалькі тон, выкарыстоўвалася спецтэхніка. Самагоншчыкі ж цяпер панясуць адказнасць не толькі за правапарушэнні, звязаныя з незаконным абаротам спіртнога, але і за экалагічныя страты рэспубліканскага заказніка.
БЕЛТА