У Мінску пройдзе дабрачынная акцыя «Мы любім украінскі боршч»

У Мінску 9 верасня пройдзе дабрачынная акцыя «Мы любім украінскі боршч», галоўная мэта якой — сабраць і перадаць сродкі для ўкраінскіх параненых вайскоўцаў. Падчас мерапрыемства яго ўдзельнікам прапануюць пачаставаць украінскага баршчу, прыгатаванага беларускай рэжысёркай Вольгай Нікалайчык, якая з’яўляецца адной з арганізатарак акцыі.



borshc.jpg

Яна адзначыла, што часам украінскім параненым, якіх зараз вельмі шмат, бракуе элементарных аптэчак, сродкаў для спынення страты крыві і гэтак далей. Менавіта на гэта і будзе скіраваны збор ахвяраванняў падчас акцыі.

Паводле Вольгі Нікалайчык, увесну на падобнай акцыі было сабрана каля 500 даляраў, якія пайшлі на патрэбы параненых актывістаў Майдану.

На акцыю 9 верасня плануецца запрасіць паэтаў, актораў, музыкаў, грамадскіх дзеячоў. «Гэта не будзе канцэрт, хоць там і будуць спевы, вершы. Гэта будзе імпрэза, падчас якой мы будзем абмяркоўваць сітуацыю ва Украіне, збіраць ахвяраванні і частаваць украінскі боршч. Запрашаем усіх добрых людзей», — падкрэсліла рэжысёр.

Акцыя пачнецца 9 верасня а 18:00 па адрасе Чарнышэўскага 3а.

КРЫНІЦА.INFO