У інтэрнэт-кафэ будуць зноў пускаць без пашпартоў

Уладальнікам запрапануюць на выбар альтэрнатыўныя спосабы ідэнтыфікацыі карыстальнікаў: “з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў фота- і відэафіксацыі альбо іншых праграмна-тэхнічных спосабаў, уключаючы SMS-паведамленне".   



dsc_4012.jpg

Плануецца, што адпаведную пастанову ў Беларусі прымуць яшчэ да канца 2012 года, паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на начальніка ўпраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Паўла Петрулевіча.

Праект пастановы быў накіраваны на разгляд Савета Міністраў, і цяпер толькі “ўдакладняюцца асобныя палажэнні дакумента".

У той жа час, БелТА піша, што кіраўнік альбо ўпаўнаважаная ім асоба павінныя “забяспечыць вядзенне, улік і захаванне персанальных дадзеных карыстальнікаў; звесткі пра час пачатку і канца аказання паслуг; электронны журнал з ідэнтыфікацыйнымі звесткамі пра абаненцкія прылады і г.д.".   

Захоўваць такія звесткі (у тым ліку інфармацыю, зафіксаваную “новымі" спосабамі ідэнтыфікацыі) трэба будзе на працягу года.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"