У гродзенскай турме паляць лісты Дашкевіча, «каб сагрэцца»
Віцебская каардынатарка аргкамітэту партыі БНФ Тацяна Севярынец атрымала ліст ад Змітра Дашкевіча, дасланы з гродзенскай турмы № 1. У лісце тлумачыцца, чаму папярэдні ліст да спадарыні Таццяны не трапіў.
«Зміцер піша: «Яшчэ раз гатовы вітаць вас. Яшчэ раз, бо перад гэтым мой ліст да вас быў спалены. Кажуць, што дужа халодна было ў турме, а згодна з дэкрэтам аб энергаэканоміі, сагравацца павінны ўсе падручнымі сродкамі. Вось тут лісты мае і пайшлі ў ход». Ліст з гэтымі радкамі датаваны 27-м лістапада», — апавяла Таццяна Севярынец.
Справа Дашкевіча
8 лістапада лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча перавялі ў гродзенскую турму.
З 30 кастрычніка, калі Мазырскі выязны суд вырашыў перавезці палітвязня Змітра Дашкевіча з мазырскай калоніі ў «крытую» турму, пра яго
не было звестак, як не было вядома і тое, куды накіруюць Дашкевіча для далейшага адбыцця пакарання.
19 верасня Дашкевіча перавялі ў папраўчую калонію №20, якая месціцца ў Мазыры Гомельскай вобласці. 21-га ён абвясціў галадоўку ў сувязі
з «нялюдскімі паводзінамі адміністрацыі калоніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага».
28 жніўня 2012 года на закрытым выязным пасяджэнні суд прызнаў Змітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай
установы» і пакараў яго годам пазбаўлення волі.
24 сакавіка 2011 года суд асудзіў Дашкевіча на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а Лобава — на чатыры гады. Зміцер
Дашкевіч на судзе заявіў, што бойка, пасля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нейтралізаваць яго перад выбарамі.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала лідара «Маладога фронту» вязнем сумлення.