У Горацкім раёне ўлады працягваюць ціск на дэпутата ад БХД Шчарбініну
У Горацкім раёне мясцовыя ўлады працягваюць ціск на дэпутата Аўсянкаўскага сельсавету, актывістку аргкамітэту БХД Жанну Шчарбініну.
"Пасля звальнення са школы з 2 верасня я аформілася на стаўку прыёмнай маці. 5 верасня прадстаўнікі аддзела адукацыі ў мяне дома правялі праверку маёй прыёмнай сям'і, у выніку якой я атрымала дысцыплінарнае спагнанне - заўвагу. 3 кастрычніка я была ў Менску на прэс-канферэнцыі для журналістаў, загадзя дамовіўшыся, што мая прыёмная дачка ў гэты час будзе знаходзілася ў маёй роднай сястры. Да сямі гадзін вечара я ўжо была дома. Ні ў адным дакуменце не прапісана, што прыёмныя бацькі не маюць права пакідаць на некаторы час дзяцей са сваімі блізкімі, але 4 лістапада за гэта я атрымала наступнае дысцыплінарнае спагнанне — вымову", — паведаміла Жанна Шчарбініна.
У выніку ёй давялося звярнуцца ў Горацкі раённы суд з заявай, каб той прызнаў прыцягненні яе да дысцыплінарнай адказнасці неабгрунтаванымі. 19 кастрычніка першае дысцыплінарнае спагнанне суд адмяніў. 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, адбудзецца судовае паседжаньне па вымове. "Спадзяюся, што і на гэты раз правасуддзе будзе кіравацца толькі законам", — адзначыла актывістка БХД.
Жанна Шчарбініна таксама распавяла, што яна як дэпутат сельсавету двойчы звярталася ў Камітэт дзяржкантролю па пытанні карупцыі ў Аўсянкаўскага сярэдняй школе, дзе яна раней працавала.
"Праверкі належным чынам не праводзіліся, таму я звярнулася ў Генеральную пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта. Цяпер гэта пытанне разглядаецца Пракуратурай Горацкага раёна. Можа,
нарэшце, каго-небудзь зацікавяць махінацыі ў гэтай школе, напрыклад, як адны і тыя ж навучэнцы могуць адначасова вучыцца ў двух школах? (Дакладней, у адной на пачатку навучальнага года лічыцца, але
не вучыцца, а потым зноў быццам бы вярнуцца ў сваю школу, і так на працягу некалькіх гадоў)", — адзначыла дэпутат.
Прэсавая служба БХД