У гонар Барадуліна выдадуць канверт
З вуліцай і мемарыяльнай дошкай пэўнасці няма.
Грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы» звярнулася ў адміністрацыю прэзідэнта з канкрэтнымі прапановамі па ўшанаванні памяці народнага паэта Рыгора
Барадуліна, які пайшоў з жыцця 2 сакавіка. У наступным годзе яму б споўнілася 80 гадоў.
У прыватнасці, ТБМ прапанавала ў гонар Барадуліна назваць вуліцы ў Мінску і Ўшачах; усталяваць у Мінску на доме, дзе жыў паэт, мемарыяльную дошку; у 2015 годзе выдаць мастацкі канвэрт або
паштоўку з выявай юбіляра.
ТБМ атрымала адказы з Мінгарвыканкама і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.
У лісце за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі паведамляецца, што «прапанова аб прысваенні імя Рыгора Барадуліна вуліцы ў сталіцы накіраваная ў камісію па
найменні і перанайменні праспектаў, вуліц і плошчаў і будзе разгледжаная пасьля атрымання заяваў на прысваенне найменняў вуліцам Мінска, якія праектуюцца».
Што да мемарыяльнай дошкі, «для падрыхтоўкі адпаведнага рашэння неабходна ўзгадніць гэта з Міністэрствам культуры і вызначыць крыніцы фінансавання. У адпаведнасці з артыкулам 47
Бюджэтнага кодэксу Рэспублікі Беларусь за кошт бюджэту Мінску не прадугледжана стварэнне мемарыяльных дошак».
У адказе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі прапануецца ў 2015 годзе выдаць у серыі «Выдатныя асобы Беларусі» немаркіраваны канверт, прысвечаны мастацкай дзейнасці Рыгора
Барадуліна".
Паводле "Радыё Свабода"