У гомельскі ўніверсітэт імя Скарыны паступіў студэнт Францыск Скарына
Супрацоўнікі гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імені Францыска Скарыны не верылі сваім вачам, калі трымалі ў руках дакументы аб залічэнні новага студэнта — 24-гадовага хлопца з Гомля, якога завуць... Францыск Скарына.
Нарадзіўся хлопец у 1990 годзе – падчас нацыянальнага ўздыму Беларусі, да таго ж, тады як раз адзначалі 500-годдзе першадрукара.
Цяпер Францыск Скарына будзе завочна вывучаць фізічную культуру.
«Маё прозвішча – па лініі бацькі, а ён з Пінскага раёну, там Скарына шмат. Назваць мяне Францыскам бацькі вырашылі разам. Яны – простыя службоўцы, якія не літаратары», – распавёў студэнт.
У школе, бывала, над Францыскам пакеплівалі, у хлопца нават была думка змяніць імя. Тым больш, што ўжо ў дарослым узросце таксама часам даводзілася адчуваць дыскамфорт: «Часцей за ўсё – на мяжы. Пры пашпартным кантролі доўга правяралі і ўвесь час здзіўляліся».
Але зараз Францыск ужо прывык да свайго імені і мяняць яго не збіраецца, хоць ніякіх прывілеяў дзякуючы яму ён нідзе не меў. А ў сям'і яго ўвесь час называлі Ягорам – такое імя ён атрымаў пры хрышчэнні.
Аб сваім знакамітым цёзку Францыск ведае толькі тое, што пачуў у школе, глыбока біяграфію і творчасць першадрукара не вывучаў: «Ведаю, што ён доктар навук, пераклаў на беларускую мову Біблію. Дарэчы, у дзяцінстве я чытаў Біблію, і цяпер таксама часам чытаю. А цікавасці ў мяне не літаратурныя. Працую ў сферы продажу аўтазапчастак, вырашыў паступіць на фізічную культуру, таму што мару адкрыць свой спартыўную залу. А яшчэ захапляюся зімовай і спартыўнай рыбалкай. З філалагічных інтарэсаў – хачу вывучыць нямецкую мову, таму што мой дзед па матчынай лініі – немец».
Францыск захапляецца музыкай і піша песні, толькі не любіць публічнасці, і нават у сацыяльных сетках хаваецца пад псеўданімам.