У Гомелі прапанавалі стварыць прававую школу для цыганоў
19 лістапада ў Гомелі з ініцыятывы мясцовага аргкамітэту ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ладзіўся «круглы
стол» у пытаннях цыганоў, якіх у абласным цэнтры пражывае, як найменей, паўтары тысячы.
Маладыя цыганы проста зачаравалі удзельнікаў «круглага стала» сваім танцам. Прэзентаваўся і відэафільм сябра БХД Ларысы Шчыраковай пра жыццё цыганскай дыяспары
ў вёсцы Прыбар Гомельскага раёна.
Каардынатар БХД Юры Клімовіч расказаў пра гісторыю цыганскага народу. Яго першыя прадстаўнікі з’явіліся ў Беларусі больш як тысячу гадоў
таму. На жаль, стаўленне да цыганоў было і засталося пераважна негатыўным. У Статуце ВКЛ быў нават асобны 35-ты артыкул пра цыганоў, які вызначаў іх сутнасць
як «людзей непатрэбных і гультаяватых», перадае Радыё Свабода.
Грамадская актывістка Марыя Багдановіч, будучы кумой у цыганскай сям’і, зрабіла агляд мясцовай прэсы, у публікацыях якой наглядна праяўляюцца матывы
цыганафобіі. З гэтай нагоды ёй асабіста прыйшлося звяртацца ва ўпраўленне ідэалогіі Гомельскага аблвыканкаму і Міністэрства інфармацыі.
Многія з цыганоў не маюць нават пачатковай адукацыі, іх не бяруць на працу. Ня маючы дакументаў, цыганы не могуць атрымаць і своечасовую
медычную дапамогу. Вельмі часта яны зведваюць ціск з боку міліцыі, напады скінхэдаў. Пра гэта згадвала ў сваім выступе цыганка Надзея, якая навярнуўшы, адкінула ўсе хібныя цыганскія
практыкі. Сама яна не магла ўладкавацца на працу на завод ліцця і нармаляў да таго часу, пакуль не назвалася асецінкай.
Пастар царквы «Жывое слова веры» Дзмітры Падлобка распавёў пра цыганоў-вернікаў і пра дапамогу царквы ў навучанні цыганскіх
падлеткаў , якія ў 12–14 гадоў не ўмелі ні чытаць, ні пісаць. «Калі мы хадзілі да чыноўнікаў адміністрацыі Савецкага раёна,
то ў іх знаходзіўся дзясятак прычынаў, паводле які цыганам нельга дапамагчы», — заявіў пастар.
Як адзначыў прэсавай службе БХД Юры Клімовіч, круглы стол прайшоў у надзвычай цёплай і спагадлівай атмасферы. Паводле яго словаў, усе ўдзельнікі мерапрыемства з разуменнем паставіліся да праблемаў цыганскай меншасці і да неабходнасці ўлічваць яе культурныя і гістарычныя асаблівасці пры інтэграцыі ў беларускае грамадства.
У сваю чаргу праваабаронца і сябар БХД Алесь Яўсеенка адзначыў поўнае няведанне цыганамі сваіх грамадзянскіх правоў. Гэтак, падкрэсліў ён, некаторыя цыганы нават баяцца ісці ў цэнтр
працаўладкавання, бо хвалююцца, што іх могуць там арыштаваць. З гэтай прычыны ён прапанаваў стварыць для цыганоў прававую школу, дзе прапануецца навучыць цыганоў іх правам як грамадзян. Між тым
пастар Дзмітры Падлобка заявіў, што можа вылучыць памяшканне для школы.
Таксама падчас круглага сталу было закранутае і пытанне культуры ідыш беларускіх габрэяў, якая на сённяшні дзень амаль вымерла і цалкам ігнаруецца кіраўніцтвам дзяржавы Ізраіль. Разам з тым, на думку ўдзельнікаў круглага стала, яна ёсць складовай часткай беларускага космасу.