У Гомелі адбылася прэзентацыя фільма «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён»

19 мая ў Гомелі адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён», прысвечанага сталінскім рэпрэсіям на Гомельшчыне.
На імпрэзу сабралася каля 30 чалавек. Вёў яе аўтар ідэі і каардынатар здымкаў фільма Кастусь Жукоўскі.



6c19e0a6da12dc02239312f151072ddd.jpg

19 мая ў Гомелі адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён», прысвечанага сталінскім рэпрэсіям на Гомельшчыне.


На імпрэзу сабралася каля 30 чалавек. Вёў яе аўтар ідэі і каардынатар здымкаў фільма Кастусь Жукоўскі.


Перад пачаткам прагляду фільма Жукоўскі зачытаў пісьмовыя адмовы на запрашэнне на гэтую прэзентацыю ад першага сакратара гомельскай арганізацыі БРСМ Харулёва і ад кіраўнічкі ідэалагічнага аддзелу Гомельскага гарвыканкама Шыдлоўскай. Абодва адмовілі ва ўдзеле, спаслаўшыся на страшэнную занятасць суботнім вечарам. Ад абласнога КДБ і дэкана Гістарычнага факультэту Гомельскага універсітэту адказаў увогуле не было.


Пасля паказу адбылося актыўнае абмеркаванне, а таксама віктарына паводле фільма і ўвогуле пра сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне. Найлепшаму знаўцу гэтай тэмы, вядомаму беларускаму барду Андрэю Мельнікаву, які стаў пераможцам віктарыны, быў уручаны каштоўны прыз — фотаапарат. Па заканчэнні сустрэчы ўсе ўдзельнікі атрымалі дыскі з фільмам пры ўмове перадаць іх для прагляду людзям, якія нічога не ведаюць пра сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне.
 

Таксама напрыканцы імпрэзы адбылася кароткая прэзентацыя відэаархіву былых вязняў ГУЛАГу, якую правяла каардынатар кампаніі «Пакаянне» аргкамітэту БХД Валерыя Чарнаморцава.
 

Наступную прэзэнтацыю дакументальнага фільма «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён» плануецца правесці ў Мінску.


Фільм «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён» быў зняты ў 2011–2012 гадах актывістамі кааліцыі "Наша Альтэрнатыва", куды ўваходзяць і актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Ён заснаваны на ўспамінах жыхароў розных раёнаў Гомельскай вобласці,  якія памятаюць часы сталінскіх рэпрэсій, страцілі падчас гэтых рэпрэсій сваіх сваякоў. Працягласць фільма 35 хвілін.


За час здымак аўтары фільма атрымалі дакументальныя паказанні сведак ад соцень жыхароў Гомельшчыны. Грунтуючыся на гэтых ўспамінах пра жахлівыя злачынствы 1930–1953 гадоў, аўтары фільма сцвярджаюць, што «Лінія Сталіна» — гэта не абарончы рубеж у Мінскай вобласці, а лінія тэрору і рэпрэсій таталітарнай улады супраць уласнага народа, якая прайшла амаль праз кожную сям'ю і працягваецца да нашых дзён.


Гэты фільм — не першая спроба гомельскіх актывістаў распавесці пра сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне. У 2007 годзе актывісты знялі аматарскі дакументальны фільм на гэтую ж тэму «Лес смерці».


Нагадаем, першапачаткова прэзентацыю фільма планавалася ў канферэнц-залі гомельскага гатэлю «Турыст», але за 3 дні да імпрэзы кіраўніцтва гатэлю нечакана скасавала дамову, спаслаўшыся на запланаваны рамонт.
 

Паводле bchd.info