У Беларусі ўведзена поўная забарона на наведванне лясоў

Забарона на наведванне лясоў уведзена па ўсёй Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.



000014_00000082590.jpg


"Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, у бліжэйшыя дні на большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаецца высокая, а месцамі надзвычайная пажарная небяспека. Тэмпература паветра прагрэецца да 30–36 градусаў, пры гэтым ападкаў не прагназуецца. Таму ў мэтах прадухілення выпадкаў узнікнення лясных пажараў і недапушчэння ўскладнення абстаноўкі ва ўсіх раёнах краіны ўведзена забарона на наведванне лясоў",  растлумачылі ў міністэрстве.


У перыяд забароны закрываюцца ўсе шлагбаумы на з'ездах з дарог у лясы, пры неабходнасці ўстанаўліваюцца таблічкі з інфармацыяй аб забароне наведвання лесу і адказнасці за яе парушэнне. Самастойна адкрываць шлагбаумы на ўездах у лес нельга. Што датычыцца аўтатранспарту, то праязджаць на ім можна толькі па дарогах, якія вядуць да населеных пунктаў, а таксама да добраўпарадкаваных месц адпачынку. Распальванне вогнішча ў лясах і на тарфяніках на перыяд забароны або абмежавання наведвання лесу забаронена.


У міністэрстве нагадалі аб адказнасці за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках ці забароны на іх наведванне. Так, калі парушэнне не прывяло да прычынення шкоды, то парушальніку пагражае папярэджанне або штраф у памеры да 25 базавых велічынь (адна базавая цяпер складае Br180 тыс.). Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках, што прывяло да знішчэння або пашкоджання лесу або тарфянікаў, вядзе да накладання штрафу ў памеры ад 25 да 50 базавых велічынь.

belta.by