У Беларусі працягваецца пад'ём захворвання на ВРІ і грып

У Беларусі працягваецца паступовы пад'ём захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі (ВРІ) і грып. Тым не менш, размова пра эпідэмію пакуль не ідзе, паведаміла БелаПАН галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.



orv.jpg

"Пад'ём захворвання не рэзкі, а паступовы, ён поўнасцю адпавядае узроўням мінулых гадоў", — сказала Карабан. Паводле яе слоў, большасць захварэўшых — дзеці. У структуры захворвання пераважаюць рэспіраторныя вірусы, выпадкаў грыпу пакуль няшмат, у асноўным гэта грып А.
Як зазначыла Карабан, ужо на наступным тыдні медыкі змогуць больш дакладна паведаміць пра тэрміны пачатку эпідэміі грыпу. Магчыма, што за гэты тыдзень колькасць хворых павялічыцца настолькі, што эпідэмія будзе аб'яўлена ўжо ў канцы студзеня. Разам з тым, пра эпідэмію грыпу гавораць тады, калі гэта захворванне пераважае ў структуры ВРІ. Спецыяліст прадугледжвае, што гэта можа адбыцца ў лютым.
Эпідэміялагічная сітуацыя па ВРІ знаходзіцца на пастаянным кантролі Міністэрства аховы здароўя. У выпадку з'яўлення сімптомаў ВРІ медык заклікала неадкладна звяртацца па дапамогу.
Як паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства аховы здароўя, паводле звестак штотыднёвага бюлетэня Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, амаль ва ўсіх краінах рэгіёну ўзрастае колькасць зваротаў па медыцынскую дапамогу ў сувязі з грыпападобнымі захворваннямі і ВРІ. Тым не менш актыўнасць грыпу ўсё яшчэ сканцэнтраваная, галоўным чынам, у заходняй частцы рэгіёну, дзе ў большасці краін адзначаецца шырока распаўсюджаная перадача вірусу. Паралельна цыркулююць вірусы грыпу A(H1N1), які выклікаў пандэмію ў 2009 годзе, A(H3N2) і B. Пры гэтым часцей за ўсё выяўляюцца выпадкі вірусу грыпу A(H1N1). Колькасць шпіталізацый у сувязі з цяжкай вострай рэспіраторнай інфекцыяй паступова ўзрастае, пры гэтым таксама павялічваецца доля выпадкаў са станоўчымі вынікамі тэставання на грып.
У Расіі перавышэнне эпідэмічнага парогу захворвання на грып і ВРВІ адзначалі толькі сярод школьнікаў ва Уладзівастоку. У параўнанні з папярэднім тыднем захворванне на грып і ВРВІ ў многіх рэгіёнах Расіі ўзрасло. Ва Украіне таксама назіраецца рост захворвання на грып і рэспіраторныя інфекцыі, які параўнальны з леташнімі паказчыкамі. Анастасія Янушэўская, БелаПАН