У Жлобіне затрымалі дзвюх работніц БМЗ, у іх кватэрах правялі ператрус (абноўлена)
Пра затрыманні паведамляюць "Моцныя навіны" са спасылках на жлобінскіх праваабаронцаў.
Былі затрыманыя Святлана Зыль і Сняжана Пагодзіна.
Затрыманне адбылося на заводзе БМЗ, дзе Святлана працуе кладаўшчыцай, а Сняжана — карэспандэнтам заводскай газеты. У кватэрах затрыманых прайшлі ператрусы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Святлану падазраюць у тым, што яна збірала інфармацыю пра супрацоўнікаў міліцыі, якія бралі ўдзел у палітычных рэпрэсіях.
Як паведамляе Радыё Свабода, жанчыны сёстры. Міліцыя забрала ноўтбукі, планшэты,
тэлефоны. Увечары Сняжану адпусцілі, а Святлану пакінулі ў ізалятары
часовага ўтрыманьня.
«Мяне сёння дапытвалі сем чалавек. Я адмовілася сведчыць супраць сябе. Мне казалі: „Прызнайся, іншыя ўжо прызналіся!“ Але ў чым? Нібыта хтосьці недзе распаўсюдзіў асабістыя звесткі ці міліцыянтаў, ці начальніка іх. Пыталіся, якія групы ў тэлеграме я ведаю, ці ведаю „Свободный Жлобин“ і „Каратели Беларуси“, ці даваў мне хто заданне збіраць інфармацыю пра міліцыю. Шчыра — я ня ведаю, чаму яны прыйшлі менавіта да мяне з такімі пытаннямі», — кажа Сняжана Пагодзіна.
Раней да яе ўзнікалі пытанні на працы за запісы ў Instagram кшталту «Верым, можам, пераможам».
«Мне міліцыянт казаў на вобшуку: „Вы, змагары, для чаго вы нас паліваеце граззю?“ Хаця нікога мы граззю не палівалі», — дадала Сьняжана.
Яе сястра Сьвятлана засталася ў ІЧУ.
Там жа жыхар Жлобіна Вячаслаў Петрачэнка. Ён таксама працуе на БМЗ. Ад панядзелка быў на зборах у Гомлі. Учора па месцы яго жыхарства прайшоў ператрус. Родныя кажуць, што Вячаслаў у ІЧУ у той жа справе, што і Святлана.
11 верасня Вячаслава Петрачэнку судзілі за ўдзел у акцыі. Тады суд яго апраўдаў.
Нагадаем, што ўчора таксама на тэрыторыі завода быў затрыманы рабочы МТЗ Міраслаў Саўчук. Цікава ці адкажуць на такі ціск і запалохванне рабочыя, ці здольныя яны яшчэ на салідарнасць?