Ушанавалі памяць Серафіма Шахмуця, які падчас вайны аднавіў дзейнасць 74 прыходаў

6 верасня да Свята-духаўскай царквы у вёску Падлессе Ляхавіцкага раёну прыходзяць не толькі жыхары бліжэйшых паселішчаў, але і прыязджаюць людзі з розных куткоў Беларусі, каб аддаць даніну памяці архімандрыту Серафіму Шахмуцю.

padliessie_dzien_pamiaci_sierafima_shakhmucia_liava_14_logo.jpg

Серафім Шахмуць паказаў прыклад самаахвярнага служэння Госпаду і духоўнай стойкасці ў часы ліхалецця. З 1941 па 1944 год. Айцец Серафім з паплечнікамі аднаўлялі багаслужэнні у розных кутках. 
Менавіта 6 верасня 1944 года Серафіма Шахмуця і яго паплечніка айца Рыгора Кударэнку арыштавалі нкусаўцы. Святароў абвінавацілі ў супрацы з нямецкай акупацыйнай уладай. Следства доўжылася 10 месяцаў. Серафім Шахмуць нікога не здаў і не прызнаў сябе вінаватым. Святароў пакаралі 5 гадамі пазбаўлення волі і адправілі ў лагер пасёлка Сухабязводнае Ніжагародскай вобласці (зараз там папраўчая калонія, дзе нядаўна адбываў пакаранне за падтрымку Украіны беларус Кірыл Сілівончык).
5 сакавіка 1946 года у няпоўныя сорак пяць гадоў Серафім Шахмуць загінуў у лагеры пакутніцкай смерцю. У 1999 годзе Серафім Шахмуць (Жыровіцкі) далучаны да ліку святых пакутнікаў.


У дзень памяці Серафіма Шахмуця настаяцель Свята-духаўскай царквы правёў багаслужэнне. Запрычасныя спевы ў выкананні мясцовых бабулек падкупалі сваёй прастатой і шчырасцью і гарманічна спалучаліся з някідкай прыгажосцю драўлянага храма. Кранальна гучалі расповеды пра Серафіма Шахмуця з вуснаў дзетак мясцовых жыхароў падчас падрыхтаванага загадзя выступу. Напрыканцы святары і прыхаджане, а таксама паломнікі з Мінска, Барысава, Пінска правялі хросны ход.
Фота аўтара