У Віцебску распачынаецца суд над жанчынай, якая нарадзіла дома і страціла немаўля

Паводле матэрыялаў следства, падчас цяжарнасці 30-гадовая Вольга агучыла свой намер нарадзіць дома. Яна сцвярджала, што вывучыла шмат літаратуры на гэтую тэму і ўжо мае станоўчы досвед — першае дзіця таксама нарадзілася ў хатніх умовах.

Фота з хатняга архіву Вольгі

Фота з хатняга архіву Вольгі

Стаўшы на ўлік у жаночай кансультацыі Віцебскай абласной радзільні, яна адмаўлялася і ад шпіталізацыі ў сувязі з пэўнымі праблемамі падчас цяжарнасці. Адначасова праз сацыяльную сетку «ВКонтакте» яна шукала спрактыкаваную акушэрку, якая пагадзілася б прыняць хатнія роды.
Супрацоўнікі кансультацыі папярэджвалі маці пра небяспеку і адказнасць, аднак не пераканалі. Нованароджаная дзяўчынка мела праблемы з дыханнем, і жанчына была вымушана звярнуцца да лекараў.
На думку маці Вольгі, у дачкі адбыліся імклівыя роды. А лекары хуткай дапамогі спрацавалі непрафесійна — рэанімацыйная брыгада прыехала не адразу. Праз некалькі гадзін, ужо ва ўмовах стацыянару, медыкі канстатавалі смерць нованароджанай. Спадарыня Надзея лічыць, што маленькую Лізу — так назвалі немаўля — можна было б уратаваць, каб лекары дзейнічалі хутчэй.
Маці Вольгі знаходзілася ў адной кватэры з парадзіхай. Адразу пасля здарэння яна адмаўлялася даваць паказанні, але потым расказала журналістам, што ў дзень родаў яны з дачкой і двухгадовай унучкай хадзілі ў лазню, што Вольга не чакала нараджэння дзіцяці так хутка, хоць гінеколагі ўжо паведамілі ёй аб прыкметах набліжэння родаў. І што дачка не выказвала катэгарычнай адмовы нараджаць у медычнай установе, казала: «Яшчэ паглядзім».
Праз два тыдні пасля смерці немаўляці Сьледчы камітэт распачаў супраць маці нованароджанай дзяўчынкі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу (прычыненне смерці праз неасцярожнасць). За гэта заканадаўства прадугледжвае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам да 2 гадоў, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленне волі на такі самы тэрмін.
Адразу супраць жанчыны не ўжылі аніякіх мераў стрымання, з яе не ўзялі нават падпіскі аб нявыездзе. Аднак 6-га траўня — у той дзень, на які была прызначана пахавальная цырымонія і крэмацыя дзіцяці, — Вольгу арыштавалі і змясьцілі ў СІЗА. Сьледчыя тлумачылі гэта верагоднасьцю ад’езду падазраванай за межы краіны з мэтай пазбегнуць пакарання. На думку спадарыні Надзеі, дачку арыштавалі на знак помсты: нібыта медыкі ад пачатку раілі ёй прызнаць, што дзіця нарадзілася мёртвым, «каб ні ў кога не было праблемаў», але яна адмовілася. А потым і бацька памерлага дзіцяці заявіў, што будзе дамагацца незалежнай экспэртызы, каб высветліць ступень вінаватасці віцебскіх лекараў.
24 жніўня ў падтрымку віцяблянкі, якая нараджала дома і не змагла ўратаваць немаўля, стварылі петыцыю. У ёй гаворыцца, што Вольга не ўяўляе ніякай небяспекі для навакольных, і ў ёй мае патрэбу двухгадовае дзіця, якое застаецца з бацькам. Таму аўтарка петыцыі Ганна Палын прапануе падпісвацца за «неадкладнае вызваленне і кампенсацыю шкоды, нанесенай Вользе і яе сям’і, а таксама прызнанне за жанчынамі права радзіць дома і спрыянне бяспецы гэтага працэсу». Пад пэтыцыяй сабрана больш за тры тысячы подпісаў.
Паводле svaboda.org