У Віцебску працягваюцца суды над «дзяўчатамі ў белым»
Судзяць удзельніц акцый супраць гвалту, якія прайшлі 12-га жніўня па ўсёй Беларусі, але толькі на віцебскіх жанчын і дзяўчат міліцыя склала пратакола паводле артыкула 23.34 КаАП.
![2020_08_20_lipka_dziauchaty_f2.jpg 2020_08_20_lipka_dziauchaty_f2.jpg](/img/v1/images/2020_08_20_lipka_dziauchaty_f2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У абласным цэнтры прайшлі некалькі “жаночых” мірных пратэстаў, міліцыянты затрымалі агулам больш як 20 удзельніц.
У судзе Кастрычніцкага раёна гэтымі днямі разбіраюць адміністрацыйныя справы дзяўчат, затрыманых а 17.30 на Маскоўскім праспекце, яшчэ адна група жанчын выйшла ў той дзень у белым адзенні і з белымі кветкамі да гарадской ратушы.
![2020_08_20_lipka_dziauchaty_f1_6.jpg 2020_08_20_lipka_dziauchaty_f1_6.jpg](/img/v1/images/2020_08_20_lipka_dziauchaty_f1_6.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзяўчатам страшна, бо ўсе яны ўпершыню апынуліся ў судзе, і ніхто з іх не згодны пагадзіцца, што мірны пратэст – гэта правапарушэнне, кажа Ала Спірыдонава:
— Кожныя 5 хвілін я думаю: “Мы пераможам!” Потым: “Не, нас усіх расстраляюць!” Потым зноў: “Мы абавязкова пераможам!”. Потым: “Не, нас усё-ткі расстраляюць!” Канешне ж, вінаватай ні ў чым я сябе не лічу. Думаю, што ўсім зараз страшна, і мне таксама страшна. І пакуль я да канца не разумею, што мацней: або мне страшна, або я ўсё-ткі за справядлівасць, за чалавечнасць!
Алу Спірыдонаву, як і іншых дзяўчат, затрыманых падчас мірных пратэстаў, судзіць суддзя Ілля Белавус. Працэс над ёй, як і над 5-цю іншымі ўдзельніцамі жаночай акцыі салідарнасці, перанесены на 25-га жніўня.