У СІЗА з сіндромам клаўстрафобіі: дачка гамяльчанкі распавяла гісторыю затрыманай за нядзельны Марш
У гомельскім следчым ізалятары амаль тры месяцы ўтрымліваецца 49-гадовая былая супрацоўніца прадпрыемства "Гомельшпалеры" Ларыса Кузьменка. Ёй прад'явілі абвінавачванне за гвалт ці пагрозу гвалту супрацоўнікам АУС за нядзельны Марш 27 верасня мінулага года ў Гомелі, калі супраць пратэстоўцаў сілавікі выкарыстоўвалі слезацечны газ і святлашумавыя гранаты.
Тады жанчыну асудзілі да сямі сутак арышту, але пасля абвяшчэння пастановы ў судзе ў яе здарыўся нервовы зрыў, пасля якога яна правяла ў лякарні два месяцы. Арыштавалі па крымінальным артыкуле Ларысу сёлета ў жніўні. Жанчыне выставілі абвінавачванні ў тым, што яна "грубай фізічнай сілай узяла сілавіка за руку, тым самым зрушыла яго з месца і не дазволіла яму працаваць".
У Ларысы дыягнаставанае дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі, таму ў СІЗА ёй асабліва цяжка: сваю камеру яна называе "газавай". Яе наведвае псіхолаг, але з-за прафуліку жанчыну па СІЗА водзяць толькі ў кайданках. Дагэтуль Ларыса не змагла прызвычаіцца да такіх умоваў. Пры гэтым жанчына імкнецца лістамі падтрымліваць сваю дачку і рабіць прыемнае трохгадоваму ўнуку: яна дасылае канверты, якія вырабляюць з дапамогай бульбянога пюрэ замест клею, піша ўнуку казкі і стварае малюнкі, напрыклад, "знайдзі 10 адрозненняў". Дачка Ларысы Аліна распавяла "Вясне" гісторыю сваёй маці.
Пасля суда за Марш 27 верасня ў лякарні правяла два месяцы
27 верасня мінулага года ў некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Гомелі, прайшоў традыцыйны нядзельны Марш. На 50-ы дзень пратэстаў беларусы выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з сакрэтнай інаўгурацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманні, але больш за ўсіх у той дзень сваёй жорсткасцю вылучыліся гомельскія сілавікі.
Пасля абеду ў цэнтры Гомеля, ля будынка цырку, сабраліся больш за сотню пратэстоўцаў. Яны атачылі фантан, вадзілі карагод і спявалі песні. Потым перайшлі на іншы бок вуліцы Савецкая. У раёне гарадской лазні на іх шляху сталі супрацоўнікі АМАП. Там і адбылося сутыкненне, падчас якога міліцыя ў Гомелі ўжыла ў дачыненні да пратэстоўцаў слезацечны газ і светлашумавыя боепрыпасы.
"Пацвярджаю, што ўжываўся слезацечны газ у сувязі з тым, што пратэстоўцы не хацелі рэагаваць на патрабаванні праваахоўнікаў і зрабілі спробу радыкалізацыі пратэснай акцыі, паспрабавалі прарваць ланцуг супрацоўнікаў міліцыі", — сказалі тады ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама.
Па ўсёй Беларусі 27 верасня былі затрыманыя мінімум 328 чалавек. У іх ліку — 49-гадовая Ларыса Кузьменка. Да суда яе змясцілі ў ІЧУ. За ўдзел у Маршы "Народная інаўгурацыя" суддзя суда Навабеліцкага раёна Гомеля Казлоў асудзіў Ларысу на сем сутак арышту. Сам працэс заняў 15 хвілінаў. Пасля абвяшчэння рашэння Ларысе зрабілася дрэнна. Жанчыну адвезлі ў РАУС Навабеліцкага раёна і там выклікалі "хуткую". Паводле дачкі, у яе здарыўся нервовы зрыў, яна ўжо больш за дзесяць гадоў назіраецца ў лякарні. З РАУС яе адвезлі ў псіхіятрычную лякарню, дзе яна прабыла два месяцы. Як кажа дачка Ларысы, яна мае псіхіятрычны дыягназ — дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі.
Калі Ларыса Кузьменка ляжала ў лякарні, то тры разы абскарджвала пастанову аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці. У выніку ёй скарацілі арышт на трое сутак. Але ў ІЧУ адбываць рэшту адміністрацыйнага арышту — трое сутак — жанчыну так і не забралі. Яна працягвала працаваць на "Гомельшпалеры" і весці звычайны лад жыцця.
"Глядзела за маці, яна анкахворая, у бацькі здарыўся мікраінсульт. Яна даглядала бацькоў", — распавядае Аліна.
"Ссунула з месца сілавіка". Крымінальная справа супраць Ларысы
Другі раз Ларысу затрымалі сёлета ў жніўні — ужо паводле крымінальнага артыкулу. 6 жніўня супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дадому і спыталі, дзе Ларыса Кузьменка. У той момант яна была на працы. Дачка мяркуе, што на "Гомельшпалеры" яе і затрымалі. Пасля гэтага Ларысу павезлі дадому на ператрус.
За падзеі 27 верасня мінулага года на Маршы 9 жніўня ёй прад'явілі абвінавачанне за гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК) за тое, што яна "грубай фізічнай сілай узяла сілавіка за руку, тым самым ссунула яго з месца і не дазволіла яму працаваць". У сувязі з тым, што адвакат Ларысы знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, ён не можа распавесці падрабязнасці справы нават дачцэ падабароннай.
Сваю камеру яна называе "газавай"
У гомельскім СІЗА-3 Ларыса знаходзіцца ўжо амаль тры месяцы. Але, як адзначае дачка, яна дагэтуль не можа прызвычаіцца да тых умоваў. Там яна сустракаецца з псіхолагам, таму што Ларыса мае псіхіятрычны дыягназ. У кастрычніку ёй падоўжылі час утрымання пад вартай яшчэ на месяц.
Ларыса не курыць, а ў камеры не мае гэтай звычкі толькі яна і яшчэ адна жанчына. Паводле слоў дачкі, яна на гэта вельмі скардзіцца і нават яе лісты прыходзяць пракуранымі.
"Яна нават у лістах піша "газавая камера".
Як распавядае Аліна, пры ўсіх перамяшчэннях па СІЗА жанчыну водзяць у кайданках:
"Яе гэта вельмі прыгнятае. І жалеза, што вакол, гэта таксама вельмі цяжка для яе. Яна ўсяго палохаецца.
Пісала, што звярталася да начальніка з нагоды кайданкоў, але ён сказаў, што паколькі ў яе артыкул "гвалт над праваахоўнікамі", таму ў яе кайданкі".
Гэта можа азначаць, што Ларысу Кузьменка паставілі ў гомельскім СІЗА на прафілактычны ўлік.
Хацела глядзець, як унук ездзіць на ровары, але яе затрымалі
Ларысу дома чакае дачка і трохгадовы ўнук.
"Яна любіла з унукам бавіць час. Яны малявалі разам. Перад затрыманнем мы купілі яму ровар. І яна вельмі хацела глядзець, як ён ездзіць на ровары. Пасля працы часта прыязджала наведаць унука", — распавядае Аліна.
"Чалавек яна спакойны і неканфліктны. Яна добрая і бяскрыўдная. Вельмі любіць унука, майго сына", — характарызуе Ларысу дачка.
Робіць у СІЗА канверты, замест клею — бульбяное пюрэ
Канверты, якія Ларыса робіць у СІЗА з бульбянога пюрэ
Як распавядае дачка Аліна, жанчына дасылае вельмі цёплыя і творчыя лісты ёй і ўнуку: піша дзённікі, прыдумляе казкі, стварае малюнкі. У іх яна імкнецца падтрымліваць родных і просіць дачку здымаць на відэа бабулю і дзядулю.
"Яна робіць там для мяне канверты, каб я грошы на іх не выдаткоўвала. Клей — гэта бульбяное пюрэ. Яе сукамерніца навучыла".
"Бабуля маленькага ўнучка-царэвіча жыве цяпер далёка і не можа яго наведваць"
Дачка Ларысы падзялілася адной са шматлікіх казак для ўнука, створаных у сценах гомельскага СІЗА.
"Мой маленькі ўнучок жыве ў трыдзесятым царстве ў трыдзесятым гаспадарстве з мамай-царэўнай, з татам-царэвічам. Тата-царэвіч з раніцы да ночы працуе, каб карміць і апранаць сваю сям'ю, маму-царэўну і ўнучка-царэвіча. А бабуля маленькага ўнучка-царэвіча жыве цяпер далёка і не можа наведваць свайго маленькага прынца-царэвіча-ўнучка. Яна без яго вельмі сумуе і вельмі хоча яго бачыць. Але пакуль гэта не атрымліваецца. І бабуля маленькага царэвіча штодня глядзіць у акно і пасылае яму ў думках праменьчыкі любові, праменьчыкі сонца. І яшчэ пасылае, каб у садку ў яго было ўсё добра і ён знайшоў добрых сяброў і сябровак. З якімі ён будзе гуляць разам у садку.
Яшчэ бабуля маленькага царэвіча пасылае яму прамяні дабра і любові. І каб ён не смуткаваў, не плакаў, калі быў у садку. Мой любімы ўнучок-царэвіч, бабуля ў думках цябе ахоўвае. І думае кожны дзень пра цябе, маё любімае сонейка. Бабуля заўсёды аберагае Царэвіча. Цалуе яго ў думках. Абдымае. Хай цябе матуля-царэўна абніме за мяне".
"На суд пайшла адна сукамерніца, а ўсё адно кураць шмат, дым не сыходзіць". Дзённік Ларысы
Жанчына дасылае дачцэ лісты ў выглядзе дзённіка, падпісваючы іх датамі і часам. Яна падзялілася некаторымі з іх. Публікуемы вытрымкі з лістоў-дзённікаў Ларысы.
15 кастрычніка, 57-ы ліст, 13:56
"Сёння пятніца, калі можна адправіць табе ліст. Учора пад вечар у 20:15 дзесьці адключылі святло, зрабілася вельмі цёмна, такое было ў мінулую нядзелю толькі раніцай, а цяпер увечары. Ізноў цёмна, замкнёная прастора. Сукамерніца, якая сядзіць паўтара года, сказала, што пры ёй такога няма.
Раніцай ела кашу аўсяную з маслам. Потым пасля праверкі пачала расфарбоўваць карцінку, да праверкі чытала ранішнюю малітву. Пасля праверкі паклікалі сукамерніцу мыцца ў душы, бо яна была ў чацвер на судзе. Пасля яна прыйшла і нас паклікалі ў дворык, мы трошкі схадзілі, бо ў сукамерніцы галава мокрая была".
Цяпер 16:18.
"На суд пайшла адна сукамерніца, а ўсё адно кураць шмат, дым не сыходзіць. Сёння на вуліцы халодна, акно рэдка адчыняем".
Цяпер 18:20.
"Атрымала твой ліст і перадачу. Пачытала твой ліст і так цяжка на сэрцы стала. Дзяўчынка мая, я тут трымаюся, калі ласка, ты там сабе галаву не забівай, дачушка, я буду перажываць, калі табе будзе зусім невыносна. Дзяўчынка мая, прашу. Усё будзе добра, не хвалюйся за мяне. Я буду трымацца".
16 кастрычніка, цяпер 10:06.
"Дачушка, добры дзень, цяпер сяджу на ніжнім ярусе. Зараз з'яжджае жанчына, якая з ніжняга яруса, у яе суд у іншым горадзе. <закрэслены сказ> Я ёй дала таблеткі фенібуд. Дачушка, у перадачы былі аўсяныя камякі, я іх аддала сукамерніцы, у мяне ёсць "геркулес" яшчэ ў пакеце папяровым. <…> Каўбасу я трошкі з'ела, пачаставала і дала ў дарогу жанчыне, з якой камунікую. <закрэслены сказ> Памідор адзін ёй дала".
Цяпер 20:07.
"Забылася табе напісаць, што вельмі спадабаўся часопіс "Горад". Там ёсць модныя тэндэнцыі і адзенне, яркае і прыгожае, ёсць куды вока пакласці і паглядзець на яркія колеры і на прыгожае адзенне і людзей".
Цяпер 11:56.
"Я дарасфарбавала яшчэ адзін малюнак, у сукамерніцы быў на нататніку, спадабаўся, што ён нагадвае пра дом і цяпло, пра свята Новага года. І пра тое, што мы разам".
Цяпер 13:31.
"Быў абед. Мы з сукамерніцамі зрабілі салату з жоўтых памідораў, цыбулі і часнаку. Пасля боршч, катлету, салату і бульбу. Катлеты смачныя, Я паела трошкі. Бульбу недаела. Наелася. Было смачна. Цяпер сяджу на ніжнім ярусе. Паела, села і так засумавала па табе, па дзядулі, маме… Смутак, даруй божа".
Цяпер 19:40.
"Дзяўчыны заспявалі песенькі, адна дзяўчына. Я таксама праспявала песню [заўвага — песня гурта "Машина времени" "За тех, кто в море"]:
"Ты помнишь, как всё начиналось?Всё было впервые и вновь,
Как строили лодки и лодки звались:
"Вера", "Надежда", "Любовь"..."
Знайдзі ў гугле, там добрыя словы. Мне іх не пішы, я іх ведаю і запісала па памяці".
Падтрымаць Ларысу лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Кузьменка Ларыса Міхайлаўна
Дапамагчы сям'і:6711 2702 5004 132001/24
Mikhail Nemianushchy