«У пешым парадку сышоў у Літву». У Віцебску завочна асудзілі ксяндза, які пакінуў Беларусь
Учора, 9 верасня, у судзе Першамайскага раёна Віцебска адбыўся суд над ксяндзом і пробашчам парафіі Святога Духа ў Віцебску Андрэем Вашчуком, паведамляюць праваабаронцы.
Святара абвінавацілі ў размяшчэнні 21 лютага ў тг-чаце «Р*альная Беларусь» выявы са свастыкай у карыкатурнай форме. Пратакол паводле арт. 19.10 КаАП быў складзены на ксяндза, пакуль той знаходзіўся за кратамі па іншым адміністрацыйным пратаколе.
Суддзя Андрэй Андрушэнка зачытаў даныя памежнага
камітэта: «Вашчук у пешым парадку сышоў у Літву 15 жніўня». Таму справу Вашчука
разглядалі без яго ўдзелу. У выніку суд пакараў святара штрафам у памеры 320
рублёў.
Нагадаем, Вашчук быў затрыманы ГУБАЗіКам 15 ліпеня. Праз тры
дні над ім адбыўся першы суд па арт. 24.23 КаАП, а 20 ліпеня — другі, але па
арт. 19.11 КаАП. Вынікам сталі 30 сутак арышту. Пасля вызвалення ксёндз пакінуў
Беларусь. Паведамляецца, што ў касцёле Святога Духа быў праведзены ператрус.