У Мінску затрымалі і збілі журналіста, які здымаў на ўчастку
Андруся Козела даставілі ў Цэнтральны РУУС Мінска, склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыянтам і адправілі ў СІЗА на Акрэсціна. Суд — раніцай у панядзелак, 19 лютага.
Здарэнне адбылося на ўчастку № 27 у Мінску. Журналіста Андруся Козела, які вёў трансляцыю з участка ў фэйсбук, затрымалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі.
— Андрусь паспеў распавесці, што міліцыянты збілі яго пры затрыманні, яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава аказалася рассечанай да крыві.
Вольга Чайчыц разам з калегамі прыехала ў міліцыю. Дзяжурныя паведамілі ёй, што складаюць на Андруся Козела пратакол за непадпарадкаванне. Па словах Вольгі, людзі бачылі акрываўленага журналіста, калі яго заводзілі ў пастарунак.
22:30. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Вользе Чайчыц, што медычная дапамога яе мужу "не спатрэбілася", і што ноч ён правядзе на Акрэсціна.
У панядзелак Козела будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёна Мінска (вул. Кірава, 21).
Пачатак працы суда а 9-й гадзіне.