У Мінску сёння пройдзе бясплатная экскурсія па месцах славутага пакутніка

У Мінску ўвечары 15 ліпеня адбудзецца бясплатная экскурсія «Мінск навамучанікаў», прысвечаная праваслаўнаму новапакутніку Серафіму Жыровіцкаму ў дзень яго 115-годдзя. Збор у 18.00 ля Свята-Духава сабора — храма, які ў вайну адчыніў а. Серафім Жыровіцкі.

fota.jpg


Правядзе вандроўку распрацоўніца маршрута — супрацоўніца мінскага жаночага Елізавецінскага манастыра Таццяна Хамянкова, паведамляе адзін з арганізатараў праекта на сваёй старонцы ў фэйсбук.
Серафім Жыровіцкі (Раман Шахмуць) нарадзіўся ў вёсцы Падлессе ў сучасным Ляхавіцкім раёне, перад Другой сусветнай вайной стаў архімадрытам манастыра ў Жыровічах. У гады вайны разам з сваім сябрам і паплечнікам Рыгорам Кударэнка адчыніў 74 праваслаўныя храмы.
Місіянеры пераязджалі з месца на месца на канях і падводах, хрысцілі і спавядалі тысячы жыхароў, адчынілі храмы ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Уздзе, Слуцку, Клецку, Ляхавічах, — фактычна, ва ўсёй Усходняй Беларусі.
Пасля вайны па абвінавачанні ў калабарацыянізме Серафім Жыровіцкі правёў 5 гадоў у лагерах у Горкаўскай вобласці. Быў забіты па загадзе ўладаў лагера за тое, што на Вялікдзень віншаваў усіх вязняў словамі «Хрыстос Уваскрос» (быў разарваны дзвюма машынамі, па іншай версіі, — коньмі).
krynica.info