У Мінску 8 верасня пройдзе Ноч кажаноў

Займальная лекцыя ад хіраптаролага, майстар-класы для дарослых і дзяцей, паказ навукова-папулярных фільмаў — выдатны спосаб правесці суботні вечар і даведацца больш аб таямнічых крылатых істотах.

noch_kazhanou_final_kartsinka_800.jpg

«Кажаны – не птушкі, але патрабуюць не меншай увагі і аховы. Адна з праблем датычыцца дрэннага «іміджу» кажаноў, пры сутыкненні з чалавекам кажана рэдка чакае цёплае стаўленне… Важна з маленства ўсведамляць, тлумачыць дзецям, што гэта не жудасныя істоты з фільмаў жахаў, а паўнапраўныя гаспадары горада і гэтага свету, якіх варта паважаць і шанаваць. На нашым мерапрыемстве будзе магчымасць развеяць стэрыатыпы аб гэтых жывёлах як дзеткам, так і дарослым, даведацца аб іх шмат новага, а таксама зразумець, як сябе правільна паводзіць пры сустрэчы – часам яны выпадкова завітваюць у кватэры. Новыя веды і ўласны сувенірны кажанчык чакаюць вас 8 верасня!» — дзеліцца кіраўнік аддзела развіцця «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Карына Салавей.
АПБ і Нацыянальны гістарычны музей ладзяць мерапрыемства ў межах 21-й Міжнароднай ночы кажаноў, якую адзначаюць у Еўропе, Азіі, Афрыцы, ЗША і на Бліжнім Усходзе. Напрыканцы жніўня-пачатку верасня ў розных краінах свету адбываецца шмат мерапрыемстваў, дзе людзі могуць больш даведацца пра кажаноў, іх асаблівасці і іх важную ролю ў прыродзе, а таксама пра тое, якім чынам іх захоўваць. Міжнародная ноч кажаноў праходзіць пад эгідай Пагаднення аб захаванні папуля­­­­цый еўрапейскіх кажаноў (EUROBATS). 
Ноч кажаноў пройдзе ў Мінску 8 верасня ў дворыку Нацыянальнага гiстарычнага музея (Мiнск, вул. К. Маркса, 12) з 19 да 22 гадзінаў. Уваход вольны! 
Паводле ptushki.org