У мінскай школе настаўніца раўла на пяцікласніка і падняла на яго руку (відэа)
Напрыканцы красавіка ў адной з мінскіх школ настаўніца падняла руку на пяцікласніка і раўла на яго дурным голасам. Здарэнне трапіла на відэа.
Прычынай стала тое, што на перапынку хлопчык узяў без дазволу з настаўніцкага стала свой мабільнік. На ўроках дзецям карыстацца імі забаронена.
Учынак школьніка выклікаў бурную рэакцыю настаўніцы: яна
крычала на хлопчыка, спрабавала штосьці дастаць ў яго з кішэні, штурхала і
хапала за каўнер.
Відэаролік трапіў у бацькоўскі чат і выклікаў абурэнне. «Наколькі мы ведаем, бацькі хадзілі на прыём у адміністрацыю, але выніку
не дамагліся — настаўнік у школе. Дзе гарантыя, што ён не зробіць так з іншымі?
Дзеці і раней скардзіліся на адносіны з гэтым педагогам. Але словам ніхто
асаблівага значэння не надаваў, пакуль не з'явіўся ролік», — кажа парталу
rebenok.by бацька аднаго з аднакласнікаў.
Дырэктарка школы заявіла журналістам, што сустракалася з
маці пяцікласніка. У той, маўляў, няма пытанняў да настаўніцы, яна толькі
абураная, што хтосьці без дазволу зняў яе сына і апублікаваў гэта.
«Што датычыць паводзінаў настаўніка, то я абараняць
нікога не буду. Зараз ідзе праверка на самым вышэйшым узроўні», — дадала
дырэктарка.
Паводле «Еўрарадыё».