У Мінрайвыканкаме абмеркавалі ўладкаванне Курапатаў
У Мінскім райвыканкаме па ініцыятыве
аргкамітэта гісторыка-асветніцкага аб'яднання «Вяртанне памяці» адбылося
першае ў 2016 г. паседжанне працоўнай каардынацыйнай групы па
пытаннях, якія тычацца гісторыка-культурнай каштоўнасці «Месца гібелі авяраў палітычных рэпрэсій 30—40-х гадоў XX-стагоддзя» ва ўрочышчы Курапаты.
У склад працоўнай групы ўвайшлі: намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Каралько В.В., галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі і культуры Жданава С.Ю., кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Чарняўскі І.М., дырэктар Бараўлянскага спецлесгаса Мірановіч А.В., намеснік старшыні КХП-БНФ, сябра аб'яднання «Хрысціянская злучнасць Курапаты» Папкоў С.П, сябры аргкамітэту па стварэнні гісторыка-асветніцкага аб’яднання ”Вяртанне памяці” Раманоўскі У.І, Шапуцька Г.В., архітэктар-рестаўратар Луцевіч Л.П., кандыдат гістарычных навук інстытута гісторыі НАН Вадзім Кошман ды інш.
Працоўная група з'яўляецца адкрытай для ўсіх зацікаўленых ініцыятываў ды грамадзян.
Удзельнікі паседжання абмеркавалі шэраг важных пытанняў, у тым ліку — каардынацыю працы валанцераў- талакоўцаў з Бараўлянскім спецлесгасам, які нясе адказнасць за Курапацкі лясны масіў (гэта прыборка і вываз нарэзанага лясніцтвам кустоўя, вываз паваленых дрэваў, ўсталяванне інфармацыйных стэндаў, стэндаў, якія забараняюць паленне вогнішчаў, выгул сабак, распіцце спіртовых напояў і г.д.). Па-другое, каардынацыю працы грамадскіх аб'яднанняў, ініцыятываў і Мінкультуры ў справе мемарыялізацыі і аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці як на тэрыторыі мемарыяла, так і на тэрыторыі ахоўных зон мемарыяла.
Па-трэцяе, унясенне Мінкультам дадатковых пунктаў у Праект зонаў аховы мемарыяла Курапаты,
што канкрэтызуюць дзеянні, якія забаронены на тэрыторыі помніка і зон аховы, што дасць магчымасць кантралюючым службам штрафаваць грамадзян за парушэнні правілаў правапарадку.
Мінрайвыканкам узяў на сябе абавязкі абмеркаваць з ворганамі міліцыі магчымасць наладжвання
патрулявання тэрыторыі мемарыяла і кантроль за грамадскім парадкам.
Пасля выканання запланаваных мерапрыемстваў чальцы працоўнай групы вырашылі сабрацца ізноў дзеля каардынацы новых планаў і дзеянняў.
Паводле інфармацыі аргкамітэта «Вяртанне памяці»