У Мінcку затрымалі фрылансера «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка
25 лістапада фрылансер «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык перастаў выходзіць на сувязь. Неўзабаве стала вядома, што яго затрымалі.
Жонка Андрэя расказала, што каля 17-й гадзіны ён паехаў на ровары на прагулку, а яна з двума дзецьмі засталася дома. Даволі хутка Андрэй вярнуўся з чатырма мужчынамі ў цывільным, піша «Радыё Свабода».
«Адзін, які, верагодна, быў галоўным, прадставіўся Іванам. Ні хто яны, ні адкуль, не паведамілі. Мне загадалі ісці ў іншы пакой і займацца дзецьмі, не перашкаджаць. Ператрус быў даволі «інтэлігентны» — мае рэчы і рэчы дзяцей не чапалі. Забралі ўсю тэхніку і тэлефон Андрэя, мой мабільны тэлефон і мой планшэт, грошы. Андрэю загадалі апранацца і ісці з імі. З рэчаў нічога не дазволілі ўзяць з сабой, акрамя запасных штаноў. Сказалі, што забіраюць яго ненадоўга, на пару дзён», — расказала жонка Андрэя Алеся Рак.
Яна толькі падпісала паперу з пералікам забраных рэчаў. На якой падставе затрымалі мужа, Алеся не ведае.
Сям'я Кузнечыкаў жыве ў Мінску, у іх двое малых дзяцей. Андрэй філолаг паводле адукацыі, раварыст.