У інтэрнэце збіраюць подпісы за стварэнне беларускамоўнай версіі сістэмы плацяжоў АРІП

Усе анлайн-сістэмы плацяжоў у Беларусі (інфакіёскі, банкі, мабільныя дадаткі, сэрвісы накшталт webpay і г.д.) бяруць інфармацыю пра рэквізіты з АРІП. А гэта ўсё цяпер даступна толькі на рускай мове. 

minjust.gov.by

minjust.gov.by

У петыцыі на сайце petitions.by яе аўтары звяртаюць увагу на адсутнасць магчымасці доступу беларускамоўных грамадзян да паслуг Адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь (АРІП) на дзяржаўнай беларускай мове. Необходна на заканадаўчым узроўні ўрэгуляваць механізм рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабодны выбар дзяржаўнай мовы зносінаў пры атрыманні фінансавых паслуг, лічаць ініцыятары звароту.
Для прыёму плацяжоў па розных каналах аказання паслуг банкi Беларусі выкарыстоўваюць інфармацыю з аўтаматызаванай сістэмы АРІП (АІС «Разлік»): дрэва паслуг, рэквізіты атрымальнікаў грашовых сродкаў, коды бюджэтных плацяжоў і іншыя неабходныя звесткі.
Пры гэтым АІС «Разлік» выконвае ролю інфармацыйнага пасярэдніка па перадачы банкам патрабаванняў на аплату, выстаўленых вытворцамі паслуг. Фармiраванне гэтых патрабаванняў ажыццяўляецца вытворцамі паслуг на падставе дамоў са спажыўцамі іх паслуг, пры заключэннi якіх грамадзяне маюць права ў адпаведнасці з Законам «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» выбіраць мову адносін.
Аднак далучаныя cёння да сiстэмы больш чым 18,5 тысяч вытворцаў паслуг перадаюць у АІС «Разлік» патрабаваннi выключна на рускай мове.
Акрамя таго, сцэнары аплаты і вокны дыялогаў, што прапаноўваюцца пры прыёме плацяжоў, падказкі і дадатковыя звесткі для плацельшчыка, а таксама інфармацыя для падрыхтоўкi банкам дакумента, якi пацвярджае прыём платяжа, падаюцца ў АІС «Разлік» вытворцам паслуг таксама толькі на рускай мове.
Паводле афіцыйнага адказу, рэалізацыя інфармацыйнага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў АРІП адначасова на дзвюх мовах магчыма пры ўмове абавязковага падавання ўсімі вытворцамі паслуг у АІС «Разлік» вышэйзгаданай інфармацыі на гэтых мовах. Аднак «АРІП» не мае прававых падстаў абавязаць вытворцаў паслуг ажыццяўляць адначасовую перадачу інфармацыi на дзвюх мовах.
Існуючы стан рэчаў можна ахарактарызаваць, як узаконеную практыку дыскрымінацыі грамадзян па моўнай прыкмеце, мяркуюць аўтары звароту. Яны просяць Савет Міністраў і Палату прадстаўнікоў скарыстацца сваім правам заканадаўчай ініцыятывы і ўрэгуляваць пастаўленыя пытанні на заканадаўчым узроўні:
1) замацаваць патрабаванне пра адначасовае абавязковае падаванне інфармацыі спажыўцу на дзвюх дзяржаўных мовах,
2) у тым ліку, надзяліць ААТ «НКФА "АРІП"» правам абавязаць вытворцаў паслуг ажыццяўляць адначасовую перадачу інфармацыi на дзвюх мовах для магчымасці далейшай яе перадачы на дзяржаўнай мове, абранай спажыўцамі фінансавых паслуг.