У Гродне судзяць галоўнага рэдактара Hrodna.life: у справе перапынак з-за няяўкі сведкі

19 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна працягнулі разглядаць справу ў дачыненні да галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты.

img_20210319_120154_scaled_1024x769.jpg

Суддзя Наталля Козел зачытала два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Згодна з абодвума, Аляксей (як фізічная асоба і юрыдычная асоба) размясціў тры матэрыялы за красавік і чэрвень 2020 года, якія ўтрымлівалі спасылкі або лагатып Telegram-канала, прызнанага экстрэмісцкім.

Аляксей Шота віну не прызнаў.

Калі матэрыялы публікаваліся, Telegram-канал не быў прызнаны экстрэмісцкім, удакладніў Аляксей Шота ў сваіх паказаннях. Пасля прызнання Telegram-канала экстрэмісцкім на сайце выдалілі ўсе згадкі, якія змаглі знайсці. Свядомага, мэтанакіраванага і наўмыснага распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў не было. Матэрыялы Telegram-канала выкарыстоўвалі ў якасці фотаілюстрацыі. Размяшчаць іх маглі толькі з дапамогай ужо канфіскаванага падчас агляду ноўтбука. Яго прызналі рэчавым доказам.

У студзені падчас маніторынгу на Hrodna.life выявілі матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі. Быў зарэгістраваны матэрыял праверкі, праведзены агляд і апытаны Аляксей Шота, распавёў у судзе прадстаўнік АУС Андрэй Пігульскі. Да матэрыялаў справы далучылі рашэнне суда аб прызнанні канала экстрэмісцкім.

У суд не з’явіўся сведка — старшы інспектар Вадзім Налівайка. У справе абвясцілі перапынак да 14.30, калі той зможа прыйсці.

Нагадаем, рэдактара гарадскога інтэрнэт-партала Hrodna.life Аляксея Шоту пачалі судзіць 16 сакавіка па ч. 2 арт. 17.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Міліцыя знайшла на рэсурсе прадукцыю, прызнаную экстрэмісцкай. Справу разглядае суддзя Наталля Козел. Сведкам па справе праходзіць супрацоўнік міліцыі Вадзім Налівайка. У працэсе ўдзельнічае прадстаўнік АУС Андрэй Пігульскі.

Паводле ч.2 арт.17.11 КаАП рэдакцыі пагражае штраф у памеры да 500 базавых велічынь (14 500 рублёў), а таксама канфіскацыя прадметаў і сродкаў здзяйснення правапарушэнняў. Рэдактару таксама пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1450 рублёў).

29 студзеня ў рэдакцыі партала правялі агляд, падчас якога канфіскавалі тэхніку, выдадзеныя рэдакцыяй календары і часопісы. Агляд правялі без супрацоўнікаў рэдакцыі ў прысутнасці амапаўцаў.

hrodna.life