У дзеяннях наведніка «Поедем поедим» суд угледзеў прыкметы крымінальнага злачынства
Суд Мінскага раёну спыніў адміністрацыйную справу супраць наведніка рэстарацыі «Поедем поедим» Сяргея Нелюба за абразу старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва і Дзмітрыя Казакевіча, паведамляе «Радыё Свабода».
Пацярпелыя могуць цяпер падаць заяву, каб на Нелюба завялі крымінальную справу, піша Tut.by.
Што адбылося?
14 чэрвеня пікетоўцы рэстарацыі «Поедем поедим», сярод якіх былі Рыгор Кастусёў і Дзмітры Казакевіч, не прапусцілі машыну наведвальніка рэстарацыі Сяргея Нелюба. Праз гэта госць «Поедем поедим» стаў лаяцца матам, абразіў Кастусёва і той выклікаў яго ў міліцыю. Таксама старшыня БНФ звярнуўся да супрацоўнікаў ДАІ, якія дзяжурылі ля рэстарацыі, і папрасіў праверыць наяўнасць тэхагляду ў Нелюба.
Супрацоўнікі ДАІ праверылі і аштрафавалі кіроўцу за адсутнасць тэхагляду. Другі пратакол паводле арт. 9.3 КоАП «Абраза», склаў участковы, які прыехаў на месца здарэння.
Што вырашыў суд?
Нелюб на судзе прызнаўся, што не памятае, што казаў у той дзень, і дапускае, што мог абразіць Кастусёва.
«Я быў у шоку, я не памятаю. Я там мацюкаўся канкрэтна», — казаў на судзе Нелюб.
Летась Нелюб ужо быў аштрафаваны на 69 рублёў паводле арт. 9.3 КоАП, паўтор правапарушэння цягам году вядзе да крымінальнай адказнасці.
«У дзеяннях Нелюба назіраюцца прыкметы крымінальнага злачынства прадугледжанага часткай 1 артыкула 189 Крымінальнага кодэксу», — сказаў суддзя.
Паўторная наўмысная абраза цягам году можа карацца:
• штрафам;
• папраўчымі працамі да году;
• 2 гадамі абмежаваньня волі.
Завесці крымінальную справу на Нелюба суд зможа толькі па заяве пацярпелых, таму адміністрацыйны працэс супраць падсуднага прыпынілі. Пацярпелыя Кастусёў і Казакевіч, пакуль не вырашылі, ці будуць падаваць у суд.