У Беларусі з'явіліся першыя прыёмныя сем’і для людзей сталага веку
Да сем’яў з прыёмнымі дзецьмі ў Беларусі з 2018 года дадаліся сем’і з прыёмнымі пажылымі людзьмі, перадае Радыё Свабода.
Пра гэта сказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак. Змена стала магчымай толькі сёлета, раней беларускае заканадаўства не прадугледжвала такой формы дагляду за састарэлымі.
«Ад 1 студзеня прыёмныя сем’і атрымалі юрыдычныя правы браць да сябе пажылых людзей. У такіх выпадках абавязкова складаецца дамова, у якой зафіксаваныя ўсе ўмовы знаходжання пажылых у новых сем’ях», — патлумачыў Румак.
Каб не было блытаніны з сем’ямі, у якія бяруць прыёмных дзяцей, новая форма супрацы атрымала назоў «замяшчальная сям’я». Аляксандр Румак паведаміў, што пакуль такіх сем’яў па ўсёй Беларусі толькі 17. Даглядаюць старых пераважна таксама ўжо немаладыя людзі, больш за 50 гадоў, чыя дзеці сталі дарослымі і жывуць у іншых месцах.
Аплата за такую паслугу запісваецца ў дамове. Калі сям’я бярэ да сябе нямоглага чалавека, то аплату за яго ўносіць дзяржава. Дакладную суму спадар Румак не назваў, але сказаў, што пражыванне аднаго чалавека ў доме-інтэрнаце для пажылых каштуе цяпер у сярэднім 247 рублёў на месяц. Сярэдняя пенсія па ўзросце ў Беларусі на 1 жніўня 2018 года складала 374,76 рубля.
На 1 студзеня 2018 года ў сем’ях Беларусі жылі 16,3 тысячы прыёмных дзяцей.
Радыё Свабода