У Беларусі тры новыя палітвязні. Гэта фігуранты справы аб «павешаных ляльках»
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала зняволенымі па палітычных матывах яшчэ трох чалавек.
Гэта Сяргей Скок, Вольга Клімкова і Максім Сяргеенка. Усе яны 19 красавіка асуджаны судом Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці паводле ч.2 арт. 339 («Хуліганства») і арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»): Скок на тры гады пазбаўлення волі, Клімкова і Сяргеенка — на тры з паловай гады.
Скока, Клімкову і Сяргеенку абвінавацілі ў тым, што яны вырабілі шэсць роставых лялек «з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асоб», размясцілі іх на пуцеправодах паблізу вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў Сеціве. Па гэтай справе ў канцы лістапада ў Магілёве былі затрыманы каля 8 чалавек, усе затрыманыя знаходзіліся ў тэлеграм-чаце «Адраджэнне».
Скок і Клімкова знаходзіліся пад вартай з лістапада, Сяргеенка быў пад падпіскай аб нявыездзе — яго ўзялі пад варту пасля абвяшчэння прысуду.