У Баранавічах — масавыя ператрусы і затрыманні, людзей вязуць на допыты
У Баранавічах — новая хваля рэпрэсій. Ператрусы праводзяць супрацоўнікі КДБ.

Ёсць інфармацыя, што людзей вязуць праходзіць паліграф, паведамляюць праваабаронцы.
Таксама пацвердзілася інфармацыя пра тое, што тым, хто быў раней затрыманы альбо асуджаны па палітычных артыкулах, «прапануюць» здаць «біяматэрыял» — калі адмовішся, просяць прыйсці ў міліцыю і напісаць заяву на адмову ад узяцця біяматэрыялаў. Паводле словаў тых, хто хадзіў, — там ім пагражалі зрабіць падазраванымі па любой крымінальнай справе ці пасадзіць на суткі за супраціў, піша «Свабода».
Апрача таго, праваабаронцам стала вядома, што 18 сакавіка ў Дзяржынску (Мінская вобласць) у сям’ю Зубовічаў прыйшлі з пастановай на ператрус з прычыны распаўсюджання ўлётак. Адзначаецца, што ў сілавікоў «былі прэтэнзіі да старэйшай дачкі, але пасля ператрусу ў мясцовае РАУС забралі яшчэ яе бацькоў». «Старэйшую дачку апыталі і адпусцілі, таму што яна цяжарная. А яе бацькоў — Яўгена і Наталлю — затрымалі. Іх дваіх да гэтага часу трымаюць у Дзяржынскім ІЧУ, нягледзячы на тое, што дома ў іх засталося непаўнагадовае дзіця», — адзначылі праваабаронцы.
На Зубовічаў склалі пратаколы паводле артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Варта адзначыць, што, паводле заканадаўства, у рамках адміністрацыйнага працэсу маці непаўналетняга дзіцяці маюць права затрымліваць не больш, чым на тры гадзіны.
У Дзяржынску быў затрыманы яшчэ як мінімум адзін чалавек, кажуць, што яго збілі пры затрыманні.