Тышкевіч: Для Лукашэнкі самае страшнае — стаць не адзіным палітыкам

Аналітык Ігар Тышкевіч разважае пра страхі правіцеля Беларусi распачаць партыйнае будаўніцтва.

Ігар Тышкевіч. Фота: ukrinform.ua

Ігар Тышкевіч. Фота: ukrinform.ua

У Мінску зноў паднялі тэму партыйнага будаўніцтва. Як не без незадаволенасці адзначыў сам Лукашэнка, «абяцалі — трэба выконваць». Але ў яго разуменні павінны атрымацца «моцныя партыі, якія не маюць разыходжанняў па асноўных прынцыпах развіцця краіны», то-бок, спяваюць ва ўнісон з уладамі.

Навошта насамрэч рэжыму патрэбная актывізацыя палітычных працэсаў і чаму гэта не мае нічога агульнага з дэмакратыяй, разважае аналітык Украінскага цэнтра будучыні Ігар Тышкевіч.

— Паколькі сістэма з заціснутымі гайкамі не працуе, Лукашэнка і яго атачэнне вымушаныя нейкім чынам спрабаваць запусціць сацыяльныя ліфты, абнаўленне сістэмы, — адзначае аналітык у сваім новым стрыме. — Бо калі гэтага не зрабіць, то ўжо цяпер на нізавым і сярэднім узроўні якасць кадраў — ніжэйшая за плінтус, і чым далей, тым сітуацыя будзе горшай.

Гэта прыродная асаблівасць аўтакратычнай сістэмы, дзе кар'еру робяць не разумныя і не тыя, хто ўмее браць на сябе адказнасць, а тыя, хто лепей за ўсіх кажа «так», «будзе зроблена» і, што называецца, хваліць «цара-бацюхну».

У беларускім варыянце гэта адбылося найбольш яскрава.

Таму неабходнасць ёсць, і гэта разумелі «наверсе» яшчэ ў 2018–2019 годах, але ўсё гэта ўпіралася ў страх і нежаданне аднаго асобна ўзятага беларуса дэлегаваць свае паўнамоцтвы: а раптам штосьці пойдзе не так?

У выніку прамарудзілі ў 2019 годзе, потым атрымалі тое, што атрымалі, у 2020-м, і цяпер максімальна зацягвалі працэс, таму што, асабліва ва ўмовах вайны, вертыкаль аказалася не гатовая.


Аднак ёсць такая рэч, як ціск РФ, для якой крытычна важная наяўнасць партыйнай сістэмы ў Беларусі, каб можна было стварыць адзін альбо некалькі сваіх партыйных праектаў.  Плюс тупік саміх улад, якія ў вельмі вузкім электаральным полі могуць далей развівацца, толькі калі выйдуць на новую глебу.

Законапраекты аб грамадскіх аб'яднаннях і партыях былі напісаны досыць хутка, зазначае аналітык, а да педалявання тэмы партый улады падштурхнула канферэнцыя ў Вільні і спроба трансфармацыі і аб'яднання дэмсіл: «Тут хто першы трансфармуецца, той будзе мець больш моцныя пазіцыі».

— Звярніце ўвагу на пасаж Лукашэнкі наконт «народнага хуралу», так званага Усебеларускага народнага сходу. Спачатку ён пахваліў народ, маўляў, разумны, разабраўся ў 2020 годзе. А пасля, літаральна праз пару хвілін сказаў, што народ гэты збольшага непрафесійны і неразумны, і лепш бы прэзідэнта выбіраць на «народным хурале».

Чаму так? Бо незалежна ад таго, будуць проксі-сілы ці квазі-НДА, але калі ты стымулюеш развіццё новых цэнтраў абмеркавання таго, што рабіць у будучыні — цэнтраў, якія могуць стаць палітычнымі магнітамі аб'яднання, у любым выпадку твая пазіцыя мяняецца. Ты становішся не адным гульцом.

А для Лукашэнкі гэта самае страшнае, бо ён лічыць сябе адзіным палітыкам. Таму ён прапануе і Канстытуцыю пасля змяніць на «народным хурале», каб партыі не былі занадта моцнымі і не пачыналі гульню, якая прывядзе да таго, што ён вылеціць, як корак з бутэлькі шампанскага.


Ад стварэння «зверху» палітычных партый, падкрэслівае Ігар Тышкевіч, адбываецца пэўная лібералізацыя сістэмы, але дэмакратычнай яна не становіцца. Напрыклад, у свой час у камуністычным В'етнаме былі ў парламенце дзве партыі, якія называлі сябе «буржуазнымі», а ў РФ, акрамя «Адзінай Расіі», дзейнічае шэраг іншых сіл — камуністы, ЛДПР, «Партыя новых асоб» і г.д.

— Гэта ўсё дзеля таго, каб нібыта прапанаваць людзям альтэрнатыву і стварыць партыі, якія галасуюць як трэба, але існуюць крыху на іншых лозунгах, чым дзеючая ўлада, — зазначае аналітык. — І ў выніку яны «падбіраюць» галасы іншых груп насельніцтва.

Дык што, Расія — дэмакратыя? Ці В'етнам — дэмакратыя? Ці ўзяць цяперашнюю Турцыю, Азербайджан — прыкладаў тут процьма. Фактычна, гэта проста шыльдачка дзеля таго, каб «паказаць дэмакратыю». Хоць гэта і пэўнае паслабленне хваткі. Такая сістэма можа перарадзіцца на пэўным этапе ў дэмакратыю, а можа і не перарадзіцца.

У сённяшняй Беларусі да таго ж галоўная праблема пачынаецца не з сатэлітаў, а з партыі ўлады, якая не можа вырашыць праблему крызісу.

Ні «Белая Русь, ні БРСМ не могуць нарадзіць нічога арыгінальнага, прапанаваць прыхільнікам Лукашэнкі іншую ідэалагему, акрамя тых, што спушчаныя зверху.

Абазваць іх партыямі можна, гэта не праблема, але ці выканаюць яны гэтую ролю?

А адпусціць кагосьці з больш-менш разумных у ілюзію вольнага плавання, на ролю лідара ў новых партыях, Лукашэнка баіцца, бо схільны шукаць змовы наўкол сябе.

 Паводле  gazetaby.com