Тры мінскія кінатэатры прыпыняць работу з 2 красавіка

УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама з 2 красавіка прыпыняе работу трох самых буйных кінатэатраў сталіцы — "Кастрычнік", "Дом кіно" і "Масква". Прычына — спад наведвальнасці, піша Еўрарадыё.

Кінатэатр "Кастрычнік" / minsknews.by

Кінатэатр "Кастрычнік" / minsknews.by

Не выйшлі чаканыя буйныя рэлізы, ёсць цяпер спад наведвальнасці кінатэатраў. Як і, у прынцыпе, іншых забаўляльных пляцовак горада, — расказвае Еўрарадыё Кацярына Багданава, намесніца генеральнага дырэктара УП "Кінавідэапракат" па развіцці, інфармацыі і рэкламе. — Зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці, мы прынялі рашэнне часова прыпыніць паказы ў самых буйных кінатэатрах. Па тэрмінах — пакуль незразумела, будзем сачыць за сітуацыяй.
Усяго ў распараджэнні мінскага "Кінавідэапраката" 13 кінатэатраў. Астатнія 10 пляцовак, уключаючы пяцізальны мультыплекс "Беларусь", застаюцца адкрытымі для наведвальнікаў. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала "Священный Белавуд", самымі папулярнымі ў мінчукоў на мінулым тыдні былі фільмы "Джэнтльмены", "Бладшот", "Тунэль. Небяспечна для жыцця", "Тролі. Сусветны тур" і "Наперад". Лідар пракату выйшаў у гэты самы пракат больш за месяц таму.
euroradio.fm