Трансфармацыя ментальнасці беларусаў у XXI стагоддзі
Навукова-практычная канферэнцыя па гэтай тэме адбылася ў Мінску 24 лістапада. Арганізатарам канферэнцыі выступіла ГА «Інстытут беларускай гісторыі і культуры» (Рыга, Латвія).
Як адзначыў навуковы сакратар інстытуту, прафесар Анатоль Тарас, ментальнасць – гэта агульная скіраванасць і канкрэтныя асаблівасці мыслення асобных індывідаў, малых груп людзей і
сацыяльных пластоў грамадства. Паводле ягоных словаў, галоўнымі характэрыстыкамі ментальнасці з’яўляюцца карта сусвету, стыль мыслення і кодэкс паводзін, шчыльна звязаныя паміж сабою.
Тарас звярнуў увагу на тое, што на чалавека ўздзейнічаюць сацыяльныя, эканамічныя і псіхалагічныя асаблівасці тых малых груп, чальцом якіх ён з’яўляецца, а таксама сістэма адукацыі і
грамадскага выхавання, СМІ, рэлігія і формы масавай культуры.
Паводле ягоных словаў, радыкальныя змены жыцця грамадства пасля распаду СССР выклікалі разбурэнне савецкай ментальнасці і ўпарты супраціў значнай часткі насельніцтва сацыяльным пераменам.
“Усё сказанае прысутнічае і на Беларусі. Акрамя таго, з моманту здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе і па сёння беларускае грамадства застаецца пад масіраваным расійскім палітычным, культурным
і сацыяльна-эканамічным уздзеяннем. Прычым расійскі ўплыў у гэтых сферах істотна пераважае ўздзенне аб’яднанай Еўропы”, -- падкрэсліў навукоўца.
На ягоную думку, гэтыя чыннікі запавольваюць і ўскладняюць працэс рэфармавання беларускага грамадства ў адказ на глабальныя выклікі XXI стагоддзя.
Кандыдат культуралогіі Ірына Шумская звярнула ўвагу на тое, што ў айчыннай эліты пераважаюць вузкалобыя інтарэсы, якія, на жаль, часцяком узносяцца вышэй за інтарэсы грамадства і беларускага
народу. “І пакуль мы не пераадолеем гэтую адмоўную тэндэнцыю, будзем сядзець у той жа каляіне”, -- падкрэсліла навукоўца. Бо, на яе думку, менавіта не столькі дзяржава, як
беларуская нацыянальная інтэлігенцыя нясе гістарычную адказнасць за вырашэнне праблемаў нацыі. “Аднак у большасці прадстаўнікоў інтэлігенцыі пакуль адсутнічае персанальная адказнасць за свае
словы, дзеянні і праекты. У грамадскіх дзеячоў, палітыкаў і прадстаўнікоў інтэлектуальнай супольнасці пераважае умоўна-аморфная калектыўная адказнасць. Рэальна атрымліваецца так, што ніхто ні за што
не адказвае”, -- падкрэсліла Ірына Шумская.
На яе думку, будучыня дэмакратычнай, вольнай і незалежнай Беларусі немажлівая без дэсаветызацыі, беларусізацыі і асноўных каштоўнасцяў беларускага грамадства. “Ад гістарычнай гульні ў
хованкі мы павінны перайсці да экспансіўнай стратэгіі, абапіраючыся на вялікі нерэалізаваны патэнцыял беларусаў замежжа, якія могуць зрабіць значна больш”, -- падкрэсліла навукоўца. Яна
прапанавала заснаваць Міжнародны дзень беларусаў, каб распачаць пазіцыянаванне беларускай культуры ў свеце і распрацоўку дакладнай стратэгі яе развіцця.
Паводле словаў кандыдата гістарычных навук Эдуарда Дубянецкага, у выніку цяжкіх і трагічных гістарычных падзей апошніх стагоддзяў, асабліва мінулага (паўстанняў, падзелаў, сусветных войнаў,
рэвалюцый і палітычных рэпрэсій), беларускае грамадства стала надзвычай атамізаваным, апалітычным і апатычным, бо пазбавілася шырокай праслойкі сапраўды творчай і нацыянальна свядомай нацыянальнай
эліты – найбольш адораных, смелых і адказных людзей.
“З-за гэтых непапраўных страт не толькі значна пагоршыўся генафонд нацыі, але і адбыўся працэс адлучэння значнай часткі грамадства ад нацыянальнай культуры”, -- сказаў
гісторык. Вось чаму, на ягоную думку, неабходна ўсімі мажлівымі сродкамі актыўна весці працэс інкультурацыі -- далучэння нацыі да лепшых здабыткаў беларускай культуры, у тым ліку да каштоўнасцяў
роднай мовы і нацыянальнай свядомасці, а таксама імкнуцца да пераадолення атамізацыі і расколу грамадства. “Дзеля гэтага нацыянальная інтэлігенцыя павінна пераадолець свае комплексы, свае
страхі, сваю празмерную эгаістычнасць і свой празмерны індывідуалізм”, -- падкрэсліў Эдуард Дубянецкі.
Да канферэнцыі быў выдадзены зборнік матэр’ялаў з 19 дакладамі на беларускай і рускай мовах гісторыкаў, культуролагаў, палітолагаў, пісьменнікаў, сацыёлагаў і эканамістаў.
Паколькі канферэнцыя з’яўляецца часткаю даследчага праекту “Дэмакратычны транзіт: ад камуністычнай дыктатуры да ліберальнай дэмакратыі”, на вясну насутпнага году
запланавана чарговая канферэнцыя па праблеме менталітэту “Дэмакратычны транзіт ў постсавецкіх і постсацыялістычных краінах”.
18 снежня інстытут праводзіць у Мінску чарговую канферэнцыю па тэме “1863 год на Беларусі: паўстанне шляхты або рэвалюцыя?”.