Трамвай у Барысаве: нязбытная мара ці блізкая рэальнасць?

Экспертная група пры грамадскай ініцыятыве "За чысты Барысаў!" распрацавала новую канцэпцыю гарадской мабільнасці свайго горада.

Як паведамляе barysau.by, гэтымі днямі выйшаў з друку досыць незвычайны дакумент — "Новая канцэпцыя гарадской мабільнасці для Барысава", распрацаваны экспертнай групай пры грамадскай ініцыятыве "За чысты Барысаў!". Фактычна, гэта ёсць альтэрнатыўны погляд на тое, як у перспектыве можа выглядаць гарадская транспартная інфраструктура.



440e7c3eb9bbcd4c33c3535354a51605.jpg

Экспертная група пры грамадскай ініцыятыве "За чысты Барысаў!" распрацавала новую канцэпцыю гарадской мабільнасці свайго горада.

Як паведамляе barysau.by, гэтымі днямі выйшаў з друку досыць незвычайны дакумент — "Новая канцэпцыя гарадской мабільнасці для Барысава", распрацаваны экспертнай групай пры грамадскай ініцыятыве "За чысты Барысаў!". Фактычна, гэта ёсць альтэрнатыўны погляд на тое, як у перспектыве можа выглядаць гарадская транспартная інфраструктура.
Ва ўступным слове да "Новай канцэпцыі гарадской мабільнасці для Барысава" адзін з удзельнікаў даследчага праекта, каардынатар Руху "За Свабоду" па Мінскай вобласці Сяргей Салаш тлумачыць, чаму паўстала неабходнасць у распрацоўцы гэтага грамадскага дакумента:
"150-тысячны Барысаў — адзін з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў Беларусі — з’яўляецца істотным транспартным вузлом рэгіянальнага значэння. Горад наш змяняецца і развіваецца, і гэтыя змены — эканамічныя, сацыяльныя і дэмаграфічныя — з’яўляюцца сур’ёзным выклікам для нашай агульнай будучыні. У апошняе дзесяцігоддзе ў горадзе ўсё больш яўна адчуваюцца праблемы, звязаныя з транспартам і транспартнай інфраструктурай. Гэтыя праблемы праяўляюцца, напрыклад, і ў перагружанасці аднапалосных аўтамабільных дарог па вуліцах ІІІ Інтэрнацыянала і Лапаціна ў Старым горадзе; і ў нездавальняючых прапускных магчымасцях аўтамабільных шляхоў паміж цэлым шэрагам буйных гарадскіх мікрараёнаў (паміж Лядзішчамі, вуліцамі Чалоўскай і Ватуціна; Старым горадам і Новабарысавам; Залінейным раёнам і астатняй часткай горада і інш.); і ў абцяжараным чыгуначнай перашкодай выездзе з Барысава ў бок Беразіно і г. зв. "маскоўскай трасы", а таксама ў накірунку Вілейка-Ашмяны.
Новая канцэпцыя гарадской мабільнасці, распрацаваная групай экспертаў і пададзеная на разгляд мясцовай грамадскасці, прадугледжвае рэканструкцыю састарэлай гарадской транспартнай інфраструктуры, а таксама будаўніцтва прынцыпова новых аб’ектаў, такіх як трамвайныя шляхі з Печаў у Стары горад, пабудову новага моста праз Бярэзіну, шэрагу пуцеправодаў і інш. Калі час, як вядома, гэта грошы, то мы прапануем эканоміць час жыхароў Барысава, а значыць — эканоміць нашыя грошы.
Прыблізны кошт рэалізацыі дадзенай канцэпцыі немалы і раўнаварты каля 150 мільёнаў долараў, што складае прыкладна паўтара гадавога гарадскога бюджэту альбо 9–10% Мінскага абласнога бюджэту. Але, уявіце сабе, што сумарныя эканамічныя выгоды ад рэалізацыі канцэпцыі яшчэ большыя! Акрамя таго, дадзены дакумент ёсць адказам на выклікі новага часу — падвышэнне сацыяльнай мабільнасці, змену структуры эканомікі, рост аўтамабілізацыі грамадства. Будзем ігнараваць гэтыя выклікі — застанёмся на ўзбочыне часу; адкажам на іх — і наш горад атрымае шанец стаць канкурэнтаздольным і паспяховым у глабальным асяроддзі".
Новая канцэпцыя гарадской мабільнасці — чарговы па ліку праграмны дакумент, распрацаваны і прадстаўлены грамадскай ініцыятывай "За чысты Барысаў!". Грунтоўная праца па апісанні гарадскіх праблемаў і фармаванні бачання нашай супольнай будучыні была распачатая яшчэ ў 2003 годзе, калі была падрыхтаваная "Альтэрнатыўная стратэгія развіцця Барысава і Барысаўскага рэгіёну". Праца атрымала свой працяг у іншых напрацоўках грамадскай ініцыятывы. Напрыклад, такіх, як "Еўрапейскія перспектывы для Барысава" (2008 год). На чарзе — распрацоўка рэкамендацый па вырашэнні шэрагу іншых вострых гарадскіх праблемаў.
Друкаваны варыянт дакумента бясплатна атрымаць можна, даслаўшы на barysau.naviny@gmail.com свой актуальны паштовы адрас з пазначэннем імя і прозвішча атрымальніка, а таксама кантактны тэлефон.
Паводле pyx.by