Таццяну Рэвяка правяраюць

Падаткавыя органы выкарыстоўваюць новыя спосабы ціску на сябра Рады Праваабарончага цэнтру «Вясна», прэзідэнта Беларускага Дому правоў чалавека Таццяну Рэвяка.



reviaka.jpg

Праверка даходаў і маёмасці праваабаронцы, якую ажыццяўляе інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах РБ па Першамайскім раёне Мінска за перыяд з 2004 па 2010 год, не выявіла ў прадстаўленых ёю дакументах парушэнняў, звязаных з утойваннем прыбыткаў. Аднак падчас праверкі высветлілася, што ў падатковы орган перададзены дадзеныя з крымінальнай справы кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

У выніку перадачы звестак з крымінальнай справы кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» ў падатковыя органы паўстала сітуацыя, што сродкі, якія былі прызнаныя асабістым прыбыткам Алеся Бяляцкага, могуць быць прызнаны і асабістым прыбыткам яшчэ і ягоных калег.

Таццяна Рэвяка ўжо двойчы (20 і 27 лістапада 2012 году) была апытаная старэйшым падатковым інспектарам аддзелу кантролю за дэклараваннем прыбыткаў і маёмасці фізічных асобаў інспекцыі МНС па Першамайскім раёне Валянцінай Буравай  адносна сумаў, якія фігуруюць у крымінальнай справе Алеся Бяляцкага і якія праваабаронца нібыта ёй пералічваў. Па словах спадарыні Буравай, дадзеная інфармацыя была перададзеная ў раённую інспекцыю «вышэйстаячымі органамі Міністэрства па падатках і зборах РБ», але не змагла адказаць, па чыёй ініцыятыве яны былі туды перададзеныя. Дарэчы, менавіта гэты «вышэйстаячы орган», па словах інспектара, ініцыяваў праверку прыбыткаў і маёмасці праваабаронцы за апошнія 10 гадоў. 

Таццяне Рэвяка было прапанавана адказаць на пытанні, датычныя наяўнасці рахункаў у літоўскім банку, мэтаў іх адкрыцця, характару пераводаў на іх сродкаў. У пратаколе апытання ўказваецца, што «ў інспекцыі маюцца копіі выпісак з рахункаў АО «DnB NORD банк», Вільнюс, Літва, згодна з якімі атрымальнікам грашовых сродкаў выступае Таццяна Рэвяка» (ад А. Бяляцкага), аднак інспектар адмовілася прадставіць самі выпіскі. У такой сітуацыі праваабаронца адмовілася каментаваць інфармацыю без азнаямлення з дакументамі, а адносна тлумачэнняў па рахунках скарысталася сваім канстытуцыйным правам не даваць сведчанняў, якія могуць быць скарыстаны супраць яе.

Інспектар Бурава паведаміла, што падатковая будзе праводзіць праверку па атрыманай са справы Бяляцкага інфармацыі, па выніках якой будзе прынята рашэнне, ці будуць сродкі, якія нібыта былі пералічаныя Таццяне Рэвяка, залічаныя як яе асабісты прыбытак, які не быў задэклараваны і з якога не выплачаныя падаткі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньвае дадзеныя захады падатковых органаў як пераслед праваабаронцаў за прафесійную дзейнасць і яшчэ адзін са сродкаў ціску на арганізацыю, праца якой не спыняецца.


Паводле spring96.org