Шэнгенскія візы могуць падаражэць. Ці тычыцца гэта беларусаў?

Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Славеніі паведаміла, што з 11 чэрвеня кошт кароткатэрміновай шэнгенскай візы (тып C) падвысіцца на 12%. Але справа ў тым, што кошт шэнгенскай візы ўсталёўвае Еўракамісія. А значыць, кошт візы падвысіцца ва ўсіх краінах ЕС.

scale_1200__1__18.jfif

«Еўрапейская камісія прыняла рашэнне павялічыць кошт кароткатэрміновай шэнгенскай візы (візы тыпу C) ва ўсім свеце на 12%. Павышэнне будзе прымяняцца ва ўсім свеце з 11 чэрвеня 2024 года», — сказана ў паведамленні МЗС Славеніі. З 11 чэрвеня візавы збор складзе 90 еўра для дарослых і 45 еўра для дзяцей (ад 6 да 12 гадоў). Дзеці да 6 гадоў па-ранейшаму будуць атрымліваць візы бясплатна.

Еўрапейская камісія пакуль не публікавала афіцыйнае рашэнне, але ў лютым гэтага года прапаноўвала павялічыць візавыя зборы з 80 да 90 еўра для дарослых і з 40 да 45 еўра для дзяцей. Для краін, якія недастаткова супрацоўнічаюць з ЕС па пытаннях рэадмісіі, прапаноўвалася падняць кошт віз да 135-180 еўра.

Еўракамісія заяўляла, што павышэнне коштаў не закране краін, з якімі заключаны пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму. Беларусь і ЕС падпісвалі пагадненне аб рэадмісіі, але Беларусь афіцыйна прыпыніла яго дзеянне ў кастрычніку 2021 года. У лістападзе 2021 года ЕС часткова прыпыніў прымяненне Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму ў адносінах да беларускіх чыноўнікаў.

Таму пакуль невядома, ці закране гэтае падвышэнне коштаў беларусаў. Цяпер памер візавага збору для грамадзян Беларусі складае 35 еўра.

Паводле Forbes, Reform.news

Глядзіце таксама