Сусветная турыстычная арганізацыя дапаможа Беларусі стаць прывабнай для вандроўнікаў
Сусветная турыстычная арганізацыя дапаможа Беларусі распрацаваць стратэгію прыцягнення турыстаў. Пра гэта заявіў журналістам генеральны сакратар арганізацыі Талеб Рафаі, наведваючы кірмаш турыстычных паслуг "Адпачынак-2015".
"Мы вызначылі план, як Сусветная турыстычная арганізацыя будзе аказваць Беларусі дапамогу. Сёння мы ўжо на 80 % прапрацавалі гэты план, які прадугледжвае работу па трох асноўных напрамках: прасоўванне турыстычнага патэнцыялу Беларусі на міжнародным рыку, развіццё чалавечага патэнцыялу і распрацоўка метадалагічнай базы для ўдасканалення статыстыкі ў сферы турызму ", — распавёў Талеб Рафаі.
На кірмашы "Адпачынак-2015" Талеб Рафаі азнаёміўся з прапановамі туркампаній і маршрутамі па Беларусі, прадэгуставаў стравы беларускай кухні. Ён прызнаўся, што сёння ўпершыню паспрабаваў бярозавы сок. "Гэта выдатны напой", — сказаў Талеб Рафаі.
Талеб Рафаі адзначыў, што гэта яго першы візіт у Беларусь у якасці генеральнага сакратара сакратар Сусветнай турыстычнай арганізацыі. Рашэнне наведаць краіну было прынята пасля сустрэчы ў Сочы з міністрам спорту і турызму Беларусі Аляксандрам Шамко. "Да гэтага я атрымліваў інфармацыю пра Беларусь не з інтэрнэт-крыніц і кніг, а ад супрацоўнікаў Арганізацыі. Але, каб даведацца, якая Беларусь на самай справе, трэба не чытаць пра яе, а прыехаць у саму краіну. Турысты павінны ўбачыць Беларусь на свае вочы ", — падкрэсліў кіраўнік Сусветнай турыстычнай арганізацыі.
У 18-ым міжнародным вясновым кірмашы турыстычных паслуг "Адпачынак-2015" бяруць удзел больш за 220 кампаній з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Чэхіі, Грузіі, Балгарыі, Узбекістана, Ізраіля, Турцыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Грэцыі. Сярод экспанентаў — тураператары, агенцтва па развіцці турызму, прадстаўнікі гатэльнага бізнесу, нацпарка, транспартныя і страхавыя кампаніі. Тут прадстаўлены бізнес-туры, сезонны і дзіцячы адпачынак, круізы, адукацыйныя туры, экскурсійныя праграмы. Асобныя туркампаніі плануюць разыграць сярод наведвальнікаў бясплатныя пуцёўкі. Кірмаш працягнецца да 11 красавіка.