Сусветны форум рэдактараў

1 снежня ў Хайдарабадзе (Індыя) адбылося афіцыйнае адкрыццё 62-га Сусветнага кангрэса газет і 16-га Сусветнага форума рэдактараў. З вітальнай прамовай на цырымоніі адкрыцця выступіла прэзідэнт Індыі Працібха Паціл.
 



8d420fa35754d1f1c19969c88780314d.JPG

У форуме, які штогод праводзіцца Сусветнай асацыяцыяй газет (WAN-IFRA), удзельнічае каля 1000 рэдактараў і выдаўцоў з 87 краін, у тым ліку з Беларусі — рэдактар газеты “Новы Час Аляксей Кароль і рэдактар мультымедыйнага часопіса “34mag.net Ірына Віданава.
Традыцыйна на цырымоніі адкрыцця форума ўручаецца ўзнагарода “Залатая асадка свабоды ў знак салідарнасці з журналістамі і рэдактарамі, якія пераследуюцца за свае перакананні і выкананне прафесійнага абавязку. Лаўрэатам 2009 года стаў рэдактар пакістанскіх газет “Friday Times і “Daily Times Найям Сетхі. У 2003 годзе “Залатую асадку свабоды атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Праграма форума сканцэнтравана на дзвюх асноўных тэмах: свабода слова і развіццё СМІ ва ўмовах фінансавага крызісу. Быў прадстаўлены даклад пра сусветныя тэндэнцыі развіцця газетнай індустрыі. Абмяркоўваліся пытанні будучыні журналістыкі, зместу і формы выданняў, спалучэння друкаваных і мультымедыйных платформ, а таксама бізнес-мадэлі для далейшага развіцця СМІ.
Удзельнікі форума прыйшлі да агульнай высновы, што асноўным інструментам пераадолення адмоўнага ўплыву фінансавага крызісу на газетную індустрыю з’яўляецца якасная журналістыка, якая дапаможа ўтрымаць і пашырыць чытацкую аўдыторыю, і такім чынам павялічыць наклады выданняў.
Сімвалічна, што форум адбываецца ў Індыі — другім па памеры медыйным рынку ў свеце (пасля Кітая), дзе, нягледзячы на крызіс, назіраецца інтэнсіўны рост як друкаваных, так і электронных СМІ. Форум працягне працу да 4 снежня.