Супраць жыхаркі Жодзіна, якую ўдарыў міліцыянт, распачалі справу
13 верасня міліцыянт ударыў па твары жыхарку Жодзіна Наілю Гусакову, якая здымала на відэа яго і іншых супрацоўнікаў. Ад удару жанчына звалілася на зямлю. У міліцыі тлумачылі, што супрацоўнік ужыў сілу «для самаабароны». Следчы камітэт на тры месяцы падоўжыў праверку, але тым часам на жанчыну ўжо склалі пратакол і будуць судзіць за ўдзел у акцыі, піша svaboda.org са спасылкай на Tut.by.
Інцыдэнт адбыўся на паркоўцы ля гандлёвага цэнтрe «Элегант». Наіля Гусакова стала сведкай таго, як супрацоўнікі міліцыі спынілі машыну, якая пасігналіла на знак салідарнасці з мінакамі.
Каля машыны сабраліся міліцыянты, супрацоўнікі ДАІ і кіроўца ў ярка-блакітнай куртцы. Людзі абураліся, патрабавалі адпусціць. Наіля выскачыла наперад, каб зняць тое, што адбываецца.
Далейшае, прызнаецца яна, стала поўнай нечаканасцю: міліцыянт у кепцы і чорнай масцы, нацягнутай амаль да вачэй, раптам ударыў яе — ды так, што тая ўпала на зямлю. Ніхто так і не патлумачыў паводзіны афіцэра, не прынёс ёй прабачэнні.
У той жа дзень разам з адвакатам яна прыйшла ў Следчы камітэт, каб пакінуць заяву па факце ўжывання сілы супрацоўнікам міліцыі. Нядаўна праверку падоўжылі на тры месяцы.
У той жа час Наіля атрымала паведамленне, што ў дачыненні да яе распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Што да інцыдэнту, у міліцыі рукапрыкладства свайго супрацоўніка спісалі на «самаабарону».
«Экіпаж ДАІ праводзіў разбіральніцтва па факце парушэння ПДР. Нечакана з натоўпу выйшла жанчына і накіравалася да супрацоўніка міліцыі. Наблізіўшыся, яна рэзка накіравала камеру тэлефона яму ў твар. Той выказаў здагадку, што следам будзе ўдар. Імгненнай рэакцыяй было прымяненне фізычнай сілы для самаабароны», — патлумачылі ў МУС.
У ведамстве адхілілі просьбу пагаварыць пра інцыдэнт з жодзінскім маёрам міліцыі, які ўдарыў жанчыну. Там лічаць, што каментар і без таго «вычарпальны».