Былы следчы: «Надаць палітычным справам хаця б візуальную законнасць — нерэальна»

Былы следчы, а цяпер праваабаронца Алег Волчак упэўнены, што ў бліжэйшы час улады вымушаныя будуць пазбавіцца ад палітычных спраў.

Алег Волчак

Алег Волчак


Напярэдадні стала вядома аб тым, што Паўлу Севярынцу працягнулі тэрмін зняволення яшчэ на два месяцы. Палітык знаходзіцца за кратамі ўжо 107 дзён.

— Зразумела, што гэта толькі палітычна матываванае. Каб падаўжаць тэрміны расследавання настолькі, павінны быць важкія падставы, павінен праводзіцца цэлы комплекс следчых дзеянняў — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак. — Я былы следчы, таму не разумею юрыстаў, якія займаецца такімі справамі. Бо ўсё роўна патрэбна нейкая фактура, трэба даказаць, што тыя ж Севярынец і Статкевіч удзельнічалі ў нейкіх беспарадках, што яны нешта там арганізавалі, хтосьці пацярпеў, — там шмат пунктаў. Гэта ж усё трэба сабраць для абвінаваўчага заключэння.

Юрыст упэўнены, што людзі, якіх прызналі палітвязнямі, у тым ліку Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч, не ўяўляюць пагрозы для грамадства, і ім можна было замяніць меру стрымання.

— Я не разумею, якія там настолькі складаныя следчыя дзеянні праходзяць, каб людзей столькі трымаць у зняволенні. Ім можна было даць проста падпіску аб нявыездзе або, як мінімум, перавесці на хатні арышт.

Відавочна, што іх проста хацелі нейтралізаваць на час пратэстаў. Іх, найбольш актыўных палітычных лідараў, трымаюць як закладнікаў — лічыць праваабаронца.

Ён са шкадаваннем канстатаваў, што цяпер следчыя па ўсёй краіне перасталі выконваць свае прамыя абавязкі і не шукаюць сапраўдных злачынцаў, а вымушаны займацца «палітычнымі» справамі.

— Цікава было б паглядзець статыстыку, колькі і якіх спраў яны раскрылі за гэты перыяд. Пакуль, наколькі мне вядома, следчыя не выконваюць сваю непасрэдную працу. Напрыклад, напярэдадні ў Верхнядзвінску ў РАУС выклікалі людзей і давалі падпісаць «афіцыйныя папярэджанні аб экстрэмісцкай дзейнасці». Вось чым займаюцца праваахоўнікі — «экстрэмістамі», — прывёў прыклад Алег Волчак.

Ён праводзіць паралель паміж цяперашнімі палітычнымі справамі і справай «Белага легіёну», і выказвае ўпэўненасць у тым, што ўсіх палітвязняў неўзабаве вымушаныя будуць адпусціць на волю.

— Я не ўяўляю, як гэтыя справы закрыюць, як іх накіруюць у суд і які гэта будзе рэзананс! Бо сярод гэтых ста чалавек не толькі палітыкі, там ёсць і звычайныя грамадзяне, з усіх рэгіёнаў краіны.

Усе гэтыя справы бесперспектыўныя і хутчэй за ўсё іх чакае лёс справы «Белага легіёну». Іх будуць паволі «спускаць на тармазах», таму што давесці да суда і надаць ім хоць бы візуальную законнасць — нерэальна, — заявіў спецыяліст.

Паводле звестак на 21 кастрычніка палітвязнямі прызнаныя яшчэ 9 чалавек. Спіс людзей, якія пераследуюцца па палітычных матывах, цяпер утрымлівае 102 прозвішчы.

Салідарнасць