Суд адмовіўся разглядаць скаргу на нерэгістрацыю кандыдаткі
Суд адмовіўся разглядаць скаргу Алены Янушкоўскай, кандыдаткі ад БХД, на нерэгістрацыю.
Суд Віцебскага раёна адмовіў кандыдату ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алене Янушкоўскай у разглядзе скаргі на нерэгістрацыю яе кандыдатам па Заронаўскай сельскай акрузе Віцебскай раённая выбарчай камісіі.
Суд адмовіў на падставе таго, што Віцебскі абласны выбаркам зацягнуў разгляд аналагічнай скаргі і толькі ў вечары апошняга магчымага для падачы скаргі ў суд дня паведаміў, што разглядаць яе не будзе. Такім чынам час падачы і быў пратэрмінаваны. Зараз застаецца толькі падаць скаргу ў суд на дзеянні абласной камісіі.
Віцебская выбарчая машына, якая ўключае ў сябе і такія структуры, як суды і пракуратуры, мае добра наладжаны механізм замаруджвання разгляду спраў, апраўдання любога беззаконня дзеянняў камісій рознага ўзроўню, аб чым сведчыць багатая гісторыя ўдзелу ў выбарах прамоўцаў БХД: Таццяны Севярынец, Алены Шабуні, Святланы Валажонак, Паўла Севярынца ды іншых. Зараз гісторыя "ўзбагачаецца" новымі імёнамі.
“Выбары ў Беларусі — гэта дрэнны спектакль. І ўдзельнічаем мы, каб выбаршчыкі, нарэшце, скінулі свае ружовыя акуляры ды зразумелі, што адседжвацца па ўласных канапах — апошняя справа, баяцца і маўчаць — здрадніцтва ў дачыненні да ўласных дзяцей і ўнукаў. І пакуль не падымемся з уласных канапаў, не спаганім з гэтай улады за ўсе гады стратаў і расчараванняў, нічога не зменіцца”, — адзначыла каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.