Суд адхіліў скаргу рэдактара «Першага Рэгіёна» на штраф за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу

Абласны суд Брэста адхіліў скаргу рэдактара сайта «Першы Рэгіён» на штраф за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу

photo_2021_08_16_10_25_36_2.jpg

Брэcцкі абласны суд адхіліў скаргу Алега Супрунюка, якога раней пакаралі штрафам за “распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу”.

Скарга рэдактара навін сайта “Першы Рэгіён” Алега Супрунюка тычылася рашэння суда Ленінскага раёна Брэста. Нагадаем, што 8 ліпеня суддзя Святаслаў Каліна на падставе артыкула 19.11 КаАП прызначыў журналісту штраф памерам 20 базавых велічынь (580 рублёў) за “распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу”.

Справа была распачатая за публікацыю на сайце “Першы Рэгіён” журналісцкага матэрыялу, які ўтрымліваў фотаздымак, што быў прызнаны “экстрэмісцкім”. Падчас суду першай інстанцыі і ў сваёй скарзе Алег Супрунюк тлумачыў, што ў яго дзеяннях няма складу адміністрацыйнага правапарушэння, бо на момант публікацыі на сайце (сёлета ў лютым) згаданы фотаздымак яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім і адпаведна не трапіў у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Здарылася гэта толькі напрыканцы чэрвеня.

Акрамя таго, Алег Супрунюк лічыць неабгрунтаванай выснову суда Ленінскага раёна Брэста, які палічыў яго вінаватым на падставе заключэння абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму.

“Гэта заключэнне экспертаў увогуле тычыцца публікацыі на іншым інтэрнэт-рэсурсе і не мае дачынення да майго журналісцкага матэрыялу”, — тлумачыць Алег Супрунюк.

Але 16 жніўня суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Сянько, якая разглядала скаргу журналіста, пакінула яе без задавальнення. Такім чынам рашэнне пра пакаранне Алега Супрунюка штрафам набыло моц.

baj.by