Студэнты БДУ: хочам адкрыта выказаць свой пратэст і не баяцца выходзіць на вуліцу
Студэнты і выпускнікі механіка-матэматычнага факультэта БДУ выступілі са зваротам да дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь.
У звароце студэнты і выпускнікі механіка-матэматычнага факультэта БДУ, адзначаюць, што не могуць “моўчкі назіраць за тым, што адбываецца цяпер у нашай краіне”, мірыцца з гвалтам і маўчаць.
У звароце адзначаецца, што прэзідэнцкія выбары 9 жніўня прайшлі з мноствам парушэнняў: яны не былі адкрытымі і галоснымі, незалежныя назіральнікі не былі дапушчаны на выбарчыя ўчасткі; шмат на якіх выбарчых участках было завышана колькасць тых, хто прагаласаваў, на чальцоў выбарчых камісій аказваўся ціск, да таго ж многія выбарчыя ўчасткі не прадэманстравалі пратаколы аб выніках галасавання.
А таму такія выбары «не павінны быць прызнаныя».
«Апошнія некалькі дзён мы назіраем вельмі жорсткае прымяненне сілы да мірных пратэстоўцаў з боку сілавых структур, — адзначаецца ў звароце. — Многія нашы суайчыннікі былі збітыя і абстраляныя падчас мірных дэманстрацый. Некалькі чалавек было забіта. Было затрымана шмат грамадзян, якія не мелі непасрэднага дачынення да дэманстрацый і пратэстаў. Людзей у турмах збіваюць і катуюць. Такія нечалавечыя дзеянні сілавых структур незаконныя, непрымальныя і парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, паколькі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (артыкул 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Мы не можам спакойна назіраць за ўсім гэтым. Мы хочам жыць у краіне, дзе выбары праходзяць сумленна, без фальсіфікацый і на роўных умовах для ўсіх кандыдатаў, дзе міліцыя забяспечвае бяспеку грамадзян, а не пагражае іх жыццю і здароўю.
Мы хочам павагі нашых правоў і свабодаў, у тым ліку свабоды слова, меркаванняў і сходаў. Мы хочам не баяцца выходзіць на вуліцу ў сваім горадзе. І мы хочам адкрыта выказаць свой пратэст.
Мы, ніжэйпадпісаныя, патрабуем:
- Спыніць падаўленне мірных пратэстаў сілавым шляхам і спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян;
- Прыцягнуць да адказнасці ўсіх сілавікоў, вінаватых у збіцці і забойствах пратэстоўцаў;
- Вызваліць усіх палітвязняў і асоб, затрыманых за ўдзел у мірных пратэстах, і спыніць іх далейшыя пераследы;
- Прызнаць праведзеныя 9 жніўня выбары несапраўднымі і правесці новыя сумленныя выбары».