Старшыня Слонімскага райвыканкама паабяцаў, што ва ўдзельнікаў маршу недармаедаў не будзе праблем на працы
У Слоніме на «Марш недармаедаўв» выйшла некалькі соцень людзей. На плошчы іх сустрэў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі і раённыя чыноўнікі.
Падчас рэзкай гутаркі ўдзельнікі яму прыгадалі, як на прадпрыемствах запалохвалі тых, хто збіраўся ўдзельнічаць у маршы, пагражалі выгнаць з працы. Старшыня Слонімскага райвыканкама папрасіў усіх, хто будзе мець на працы праблемы, пасля акцыі, звяртацца асабіста да яго. "Ці чулі? Нічога не бойцеся", — гучна абвясціў у мегафон актывіст Віктар Марчык. Як паведамляе Свабода, актывіст Партыі БНФ, адзін з арганізатараў сённяшняга «Маршу недармаедаў» Віктар Марчык быў затрыманы.
Па словах кіраўніка райвыканкама, па раёне было разаслана каля 1,5 тысячы «лістоў шчасця» аб выплаце падатку за дармаедства.
Людзі патрабавалі працы, Таргонскі казаў, што гатовы да кампрамісу, але «не трэба зарплату называць палучкіай» і «каля аднаго веніка па пяць чалавек стаяць не будзе, а грошы трэба зарабіць». У прыватнасці, ён сказаў пра перамовы з Астравецкім раёнам наконт працы слонімцаў на будаўніцтве Астравецкай АЭС.
"Ды ўсё бягуць з той АЭС! Колькі там заробіш!», — рэагавалі людзі.
Пасля слова ўзяў адзін з удзельнікаў мітынгу, былы працаўнік аднаго з аўтапаркаў. «Старшыня нам працы не дасць, у яго яе няма, — сказаў ён і адзначыў, што трэба проста адмяніць Дэкрэт №3. — І няхай наша ўлада будзе ініцыятарам гэтага».
«Адмяніць! Адмяніць!», — скандавалі людзі.
Паводле nn.by