Спіс 181: дзяржаве лепей ведаць
Ад таксічных бацькоў, якія праяўляюць гіперапеку і дыктуюць, як жыць, раяць дыстанцыявацца. Ад іх можна з’ехаць, спыніць хоць на нейкі час камунікацыю, можна нават змяніць нумар тэлефону. Але што рабіць, калі тыран — гэта дзяржава? Разважае Наста Захарэвіч на «Свабодзе»
У Беларусі існуе спіс забароненых для жанчын прафесій. Мы не можам быць шахцёркамі, трактарысткамі, не маем права кіраваць цягнікамі метро і збіраць ураджай на ўзроўні вышэй за паўтара метра. Цалкам спіс змяшчае 181 пункт, і ўлады нібыта гатовыя яго скарачаць, але цалкам адмяняць адмаўляюцца. Аргументацыя пры гэтым такая ж, як у бацькоў-тыранаў: мы лепш ведаем, што вам трэба, вы не можаце самі зрабіць правільны выбар.
Сцісла:
· Дзяржава лічыць, што жанчыны не здольныя самастойна ацэньваць рызыкі і абіраць месца працы.
· Дзяржаўная абарона мацярынства ў гэтым выпадку зводзіцца да дыскрымінацыі жанчын на рынку працы, а як пры гэтым паклапаціцца пра ўжо народжаных дзяцей, уладаў, здаецца, зусім не хвалюе.
· Паводле спецыялістаў, у палове выпадкаў бясплодныя пары не маюць дзяцей з прычыны мужчынскага бясплоддзя.
Ад таксічных бацькоў, якія праяўляюць гіперапеку і дыктуюць, як жыць, псіхолагі раяць дыстанцыявацца. І звычайна ад іх можна з’ехаць, спыніць хоць на нейкі час камунікацыю, можна нават змяніць нумар тэлефону і заблакаваць іх у сацыяльных сетках. Але што рабіць, калі тыран — гэта дзяржава?
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак кажа, што захаванне спісу «адпавядае прыярытэту дзяржавы па абароне працоўных, перш за ўсё жанчын, на фоне існуючай дэмаграфічнай сітуацыі». Ніколі такога не было, і вось зноўку! Жанчын зводзяць фактычна да маціцы на ножках, вартасць нашых жыццяў вымяраецца тым, наколькі эфектыўна працуе нашая рэпрадуктыўная сістэма, а самі мы нібыта настолькі дурныя, што не можам вызначыцца з прыярытэтамі і зрабіць найлепшы для сябе выбар.
І што атрымліваецца ў рэальнасці? Жанчыны не маюць доступ да пэўных прац і фактычна не могуць палепшыць умовы жыцця ўжо народжаных дзяцей дзеля дзяцей гіпатэтычных, якіх яны нібыта змогуць у будучыні нарадзіць. Але ці стануць у такіх умовах?
Дзяржаўная абарона мацярынства ў гэтым выпадку зводзіцца да дыскрымінацыі жанчын на рынку працы, а як пры гэтым паклапаціцца пра ўжо народжаных дзяцей, уладаў, здаецца, зусім не хвалюе. А жанчынам, між іншым, на выхаванне дзяцей патрэбныя грошы. Але з шэрагу працаў з высокай аплатай яны аказваюцца выключаныя, затое заўжды могуць пайсці працаваць, напрыклад, санітаркамі ў бліжэйшую лякарню і за ўмоўныя 200 рублёў літаральна цягаць пацыентаў. Гэта для іх здароўя, аказваецца, не шкодна. Іншая справа ў шахце працаваць за заробак, вышэйшы за сярэдні па краіне! Там адразу маціца апусціцца, а яечнікі перастануць працаваць.
Румак жа ўпэўнены, што аніякай дыскрымінацыі няма, бо «жаночы арганізм, у сілу сваёй меншай здольнасці да адаптацыі, спраўляецца са шкоднымі ўмовамі працы горш, чым мужчынскі». Па-першае, гэта тлумачэнне, якое нічога не тлумачыць. Дапусцім, што жаночы арганізм і праўда горш адаптуецца, але як гэта адмяняе дыскрымінацыйную сутнасць спісу? Дзеяздольныя жанчыны — гэта не малыя дзеці, няздольныя самастойна пралічваць рызыкі і прымаць рашэнні. Па-другое, было б дужа цікава ўбачыць даследаванне, якое паказвае, што жаночы арганізм адаптуецца да шкодных умоваў горш за мужчынскі.
Намеснік міністра ўвогуле кажа пра шматлікія даследаванні, якія праводзіла сістэма аховы здароўя, і я хацела б пачытаць гэтыя даследаванні. Як фармавалася выбарка, якой была метадалогія даследавання, якія высновы рабіліся.
Дарэчы, калі спецыялісты ў рэпрадукталогіі заводзяць гаворку пра бясплоддзе, дык кажуць, што прыблізна ў палове выпадкаў прычына бясплоддзя асобнай пары — не жаночае, а мужчынскае бясплоддзе. Ці не хоча міністэрства працы імкнуцца да паляпшэння ўмоваў працы для ўсіх, а не проста забараняць жанчынам працаваць у 181 прафесіі? Так, дарэчы, больш шанцаў палепшыць дэмаграфічную сітуацыю.
А яшчэ, дарэчы, здароўю жанчыны наносяць вялікую шкоду цяжарнасць і роды. Так-так, каб мець магчымасць вынасіць і нарадзіць у будучыні, жанчыне лепей не нараджаць зараз. Ці не прапануе міністэрства аховы здароўя жанчынам адмаўляцца ад мацярынства, каб захаваць магчымасць стаць маці?
Канечне, такі заклік назвалі б абсурдным. Але чаму нядопуск 54% насельніцтва краіны да шэрагу прафесій — гэта не абсурд? Хопіць нас ужо «аберагаць», бо ад такога клопату дыхаць немагчыма. І вельмі, вельмі хочацца дыстанцыявацца. Прыдумаць бы, як.