Спыніць рэпрэсіі
«Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты» (ЕДС) выступілі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў у Беларусі. Найбуйнейшая ў Еўропе студэнцкая арганізацыя асудзіла рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць удзельнікаў акцыі 19 снежня.
«Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты» (ЕДС) выступілі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў у Беларусі. Найбуйнейшая ў Еўропе студэнцкая арганізацыя асудзіла рэпрэсіі
беларускіх уладаў супраць удзельнікаў акцыі 19 снежня.
Адмыслова для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі была склікана Цэнтральная Рада ЕДС. Падчас яе пасяджэння, як адзначыў кіраўнік ЕДС Бэнс Баўэр, былі абмеркаваны канкрэтныя захады па дапамозе беларускай
супольнасці. А таксама прыняты дзве заявы — адносна прэзідэнцкіх выбараў і жорсткага разгону мірнай акцыі ў Беларусі, і адносна крымінальных спраў супраць старшыні Маладога фронту Зміцера
Дашкевіча і яго паплечнікаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба польска-беларускай моладзевай ініцыятывы «Дэмакратычны інстытут», якая распаўсюдзіла тэкст заяў.
ЕДС заклікала неадкладна вызваліць усіх грамадзян Беларусі, затрыманых як прэвентыўна, так і пасля дэманстрацыі 19 снежня. А таксама «спыніць іх крымінальны і адміністратыўны пераслед,
адмовіцца ад усіх палітычна матываваных абвінавачанняў».
Адмысловую заяву ЕДС прыняла з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі супраць Маладога фронту. Гэта адзіная беларуская моладзевая арганізацыя, якая з’яўляецца паўнапраўным сябрам ЕДС.
Нагадаем, што арганізацыя «Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты» (European Democrat Students) заснаваная ў 1961 годзе прадстаўнікамі ўніверсітэтаў Заходняй Еўропы. Яна налічвае ў
сваіх шэрагах больш за 500 тысяч студэнтаў з 37 арганізацый-сябраў у 32 краінах Еўропы. ЕДС таксама з’яўляецца асацыяваным сябрам Еўрапейскай народнай партыі і прызнанай грамадскай
арганізацыяй пры Радзе Еўропы.