Спікер Дзярждумы Расіі: Кіеў дае зразумець, што мінскія дамоўленасці можна разарваць
Кіеўскія ўлады даюць зразумець, што ўсе мінскія дамоўленасці па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе для іх неістотныя і могуць быць разарваныя, лічыць спікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін.
"Нават цяпер, падчас перамір'я, з Кіева гучаць бравыя заявы. Не паспеўшы прыняць закон аб адмысловым статусе данецкага і луганскага рэгіёнаў, многія палітыкі ў Кіеве спяшаюцца
падкрэсліць яго часовы характар. А спікер украінскага парламента менавіта ў гэтым выпадку — у выпадку прыняцця гэтага закона — раптам засумняваўся ў правільнасці рэгламентных
працэдур. Гэта значыць у Кіеве загадзя даюць зразумець, што ўсе нядаўнія, у тым ліку і мінскія дамоўленасці, для іх няважныя і могуць быць лёгка разарваныя", — цытуе РІА Новости
выступленне Нарышкіна 3 кастрычніка ў Жэневе.
Як паведамляў БелаПАН раней, 5 верасня ў Мінску прадстаўнікі трохбаковай кантактнай групы (Украіна — РФ — АБСЕ) і самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік падпісалі
пратакол мірнага ўрэгулявання аб спыненні агню, абмене палоннымі, адводзе цяжкай тэхнікі і стварэнні зон бяспекі пад кантролем назіральнікаў АБСЕ.
У ноч з 19 на 20 верасня пасля шасцігадзінных перамоў у Мінску ўдзельнікамі кантактнай групы быў падпісаны мемарандум. Ключавыя пункты плана — неадкладнае спыненне агню, стварэнне
30-кіламетровай буфернай зоны, дзе будзе адсутнічаць цяжкае ўзбраенне, абмен палоннымі. Бакі перыядычна абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.