Спектакль Гродзенскага тэатра лялек прызнаны лепшым спектаклем года ў Беларусі
«Пікавая дама» Алега Жугжды перамагла ў намінацыі «Лепшы спектакль года» і такім чынам здабыла галоўную ўзнагароду ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі.
Акрамя таго спектакль прызнаны «Лепшым спектаклем тэатра лялек».
Алег Жугжда ўганараваны за «Лепшую рэжысёрскую работу», а занятая ў «Пікавай даме» актрыса Ларыса Мікуліч — «За лепшую жаночую ролю».
За перамогу ў кожнай намінацыі гарадзенскія лялечнікі атрымалі статуэтку Паўлінкі і грашовую ўзнагароду.
Прэмія за перамогу ў намінацыі «Лепшы спектакль года» склала 25 мільёнаў рублёў, за астатнія — больш сціплыя.
«Пікавая дама» Алега Жугжды заваявала нямала ўзнагарод. Толькі сёлета спектакль удзельнічаў у 8 міжнародных фестывалях, атрымаўшы 10 прызоў.
Конкурс тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» ладзіцца Міністэрствам культуры разам з Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў, Беларускім саюзам літаратурна-мастацкіх крытыкаў, Беларускім саюзам кампазітараў.
Сёлета пераможцы былі абраныя з ліку 16 намінантаў.
Здымкі http://www.kp.by, http://photobelta.by